Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і за бакі. Яго становішча было небяспечнае, таму што недахоп ежы і злосць звычайна спадарожнічаюць адно з другім. Але бязмежная самаўпэўненасць маладосці штурхала яго на паўтарэнне гэтых спроб, хоць яны не мелі ніякага поспеху і прыносілі яму Толькі адны непрыемнасці.

Калі-б папалася ваўкам ежа — любоў і барацьба зараз-жа авалодалі-б стаяй, і яна разбеглася-б. Але становішча яе было жудаснае. Ваўкі аслаблі ад доўгай галадоўкі і рухаліся ўперад больш павольна, чым звычайна. У хвасце пляліся самыя слабыя — маладняк і старыя ваўкі. Наперадзе ішлі самыя дужыя. Усе яны падобны былі хутчэй на шкілеты, чым на сапраўдных ваўкоў. І ўсё-ж у рухах ваўкоў, за выключэннем самых слабых, не было відаць ні зморанасці, ні самага малога напружання. Здавалася, што ў іх мускулах, выступаўшых на целе, як вяроўкі, хаваецца невычарпальны запас энергіі. За кожным рухам стальнога мускула наступаў другі рух, за ім — трэці, чацверты, — і так без канца.

У гэты дзень ваўкі прабеглі шмат міль. Яны беглі усю ноч. Надышоў наступны дзень, а яны ўсё яшчэ беглі. Беглі па абледзянелай, мёртвай прасторы. Нідзе ніякіх адзнак жыцця. Толькі яны адны рухаліся ў гэтай застыўшай пустыні. Толькі ў іх адных было жыццё, і яны рыскалі ў пошуках за іншымі жывымі істотамі, каб разарваць іх і прадоўжыць сваё жыццё.

Ваўкам прышлося перайсці не адзін водападзел і абагнуць не адзін ручай у нізінах, перш чым пошукі іх скончыліся поспехам. Нарэшце, яны сустрэлі лася. Першай іх здабычай быў вялікі лось-самец. Тут было жыццё, было мяса, і яго не ахоўвалі ні таямнічы агонь, ні галавешкі, якія лёталі ў паветры. Раздвоеныя капыты і галіністыя рогі былі знаёмы ваўкам, і яны адкінулі сваё звычайнае цярпенне і асцярожнасць. Бітва была кароткай і заўзятай. Лося акружылі з усіх бакоў. Спрытнымі ўдарамі цяжкіх капытоў ён распорваў ваўкам жываты, праломліваў чэрапы, ламаў ім косці велізарнымі рагамі. Лось падмінаў іх пад сябе, качаючыся па снезе, але ён быў асуджан на пагібель і нарэшце паваліўся. Ваўчыца з разлютаванасцю ўпілася яму ў горла, а зубы астатніх ваўкоў рвалі жывё-