Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нага вясковага хлапца. Гэта было адзіным, што перашкаджала яму кіраваць стаяй, але ваўчыцу перамагалі іншыя непрыемнасці. З правага боку ад яе бег худы вялікі воўк, на шэрай скуры якога былі сляды многіх бітваў. Ён увесь час трымаўся з правага боку ад ваўчыцы. Тлумачылася гэта тым, што ў яго было толькі адно вока, левае. Стары воўк увесь час цясніў яе, тыкаючыся сваёй, пакрытай рубцамі мордай то у бок ваўчыцы, то ў плячо, то ў шыю. Яна сустракала яго ўвіванні лясканнем зубоў, таксама як і ўвіванні самца, што бег злева, і калі абодва яны пачыналі чапляцца да яе адначасова, ваўчыцы прыходзілася туга, — трэба было рвануць зубамі абодвух, у той-жа час не адставаць ад стаі і глядзець сабе пад ногі. У такія хвіліны абодва самцы пагражаюча рыкалі і вышчаралі адзін на аднаго зубы. У другі час яны-б пабіліся, але зараз нават каханне і суперніцтва ўступалі месца больш моцнаму пачуццю, пачуццю голаду, які мучыў усю стаю.

Пасля кожнага адпору стары воук адскакваў ад востразубай ваўчыцы і сутыкаўся з маладым трохгодкам, які бег справа, з боку яго сляпога вока. Mалады воўк быў не меншы за старых і, калі прыняць пад увагу слабасць і схудаласць астатніх ваўкоў, вылучаўся з усёй стаі сваёй сілай і смеласцю. І ўсё-ж ён бег так, што галава яго была роўна з плячом аднавокага ваўка. Як толькі ён адважваўся параўняцца з ім (што здаралася досыць рэдка), стары рыкам і ўдарамі клыкоў зараз-жа асаджваў яго на ранейшае месца.

Аднак, часам малады адставаў і ўпотай праціскаўся паміж старым важаком і ваўчыцай. Гэты манеўр сустракаў падвойны, нават трайны адпор. Як толькі ваўчыца пачынала нездаволена рыкаць, стары важак рабіў круты паварот і накідаўся на трохгодка. Часам разам са старым на яго накідалася і ваўчыца, а часам да іх далучаўся і малады важак, які бег злева.

У такіх выпадках, сустрэўшы тры раз'юшаныя пашчы, малады воўк спыняўся, як укопаны, асядаў на заднія лапы і, увесь натапырыўшыся, шчэрыў зубы. Замяшанне на чале стаі нязменна суправаджалася замяшаннем у задніх яе радах. Ваўкі, якія беглі ззаду, натыкаліся на маладога ваўка і выказвалі сваё незадавальненне тым, што злосна кусалі яго за заднія лапы