Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Генры, згорбіўшыся, сядзеў на коўдры, уткнуўшы ў калені галаву. Па бязвольна апушчаных плячах і паніклай галаве можна было зразумець, што чалавек адмовіўся ад барацьбы. Час ад часу ён падымаў галаву і глядзеў на агонь, які дагараў. Кальцо агню і гарачых вуголляў ужо дзе-ні-дзе разамкнулася, распалася на асобныя агні. Вольны праход між імі ўсё павялічваўся, а агні памяншаліся.

— Ну, цяпер вы, здаецца, можаце мяне злопаць, — прамармытаў Генры. — Мне ўсёроўна, я хачу спаць...

Прачнуўшыся на секунду, ён убачыў паміж двума агнямі прама перад сабой ваўчыцу, якая глядзела на яго праніклівым позіркам.

Праз некалькі хвілін, якія здаліся яму гадзінамі, ён зноў прачнуўся. Адбылася нейкая незразумелая перамена, — настолькі незразумелая для яго, што ён адразу прачнуўся. Нешта здарылася. Спачатку ён не мог зразумець, што іменна. Потым здагадаўся. Ваўкі зніклі. Толькі па вытаптанаму навокал снезе можна было меркаваць, на колькі блізка яны падабраліся да яго.

Хваля дрымоты зноў ахапіла Генры, галава яго схілілася на калені, але раптам ён уздрыгануўся і прачнуўся.

Аднекуль даляталі людскія галасы, скрып саней, нецярплівае скавытанне сабак. З боку ракі да стаянкі між дрэвамі пад'язджалі чацвера саней. Шэсць чалавек акружылі Генры, які скурчыўся ў кальцы патухаючага агню. Яны расштурхвалі і трэслі яго, стараючыся вярнуць яго да прытомнасці. Ён паглядзеў на іх, як п'яны, і прамармытаў дзіўным, вялым голасам:

— Рыжая ваўчыца... прыходзіла да кармёжкі сабак... Спачатку зжэрла сабачы корм... потым сабак... А потым зжэрла і Біла ..

— Дзе лорд Альфрэд? — крыкнуў яму ў самае вуха адзін з прыехаўшых, груба трасануўшы яго за плячо.

Ён павольна паківаў галавой.

— Яго яна не зжэрла... Ён там, на дрэвах... ля апошняй стаянкі.

— Памёр? — крыкнуў той.

— Так. У труне, — адказаў Генры.

Ён сярдзіта тузануў плячом, вызваляючыся ад чалавека, які нахіліўся над ім.