Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І мне па заслугах, — не здаваўся Мэт. — За што, паўстае пытанне, я яго ўдарыў? Вы-ж самі сказалі, што праўда на яго баку. Значыць, мне не трэба было яго біць.

— Мы зробім добрую справу, застрэліўшы гэтага сабаку, — настойваў Скот. — Нам яго не прыручыць!

— Паслухайце, містэр Скот! Давайце праверым небараку. Няхай пакажа сябе. Ён-жа чорт ведае што выцерпеў, перш чым апынуцца на волі. Давайце паспрабуем. А калі ён не апраўдае нашага давер'я, я яго сам застрэлю.

— Ды мне зусім не хочацца яго забіваць, — адказаў Скот, хаваючы рэвальвер. — Няхай пабегае на волі, паглядзім, што з ім можна дабром зрабіць. Вось я зараз паспрабую.

Ён падышоў да Белага Клыка і загаварыў з ім мяккім, заспакойлівым голасам.

— Вазьміце палку на ўсякі выпадак, — папярэдзіў Мэт.

Скот адмоўна паківаў галавой і прадаўжаў гаварыць, стараючыся заваяваць давер'е Белага Клыка.

Белы Клык настаражыўся, адчуваючы набліжэнне нейкай небяспекі. Ён забіў сабаку бога, укусіў яго таварыша. Чаго-ж можна чакаць за гэта, апрача суровага пакарання? І ўсё-ж ён не ўціхамірваўся перад тварам небяспекі. Шэрсць на ім стала дыбам, усё цела напружылася, ён вышчарыў зубы і пільна сачыў за чалавекам, прыгатаваўшыся да ўсякай нечаканасці. У руках у Скота не было палкі, і Белы Клык падпусціў яго да сябе зусім блізка. Рука бога пачала апускацца над яго галавой. Белы Клык скурчыўся і прыпаў да зямлі. Вось дзе хаваецца небяспека і здрадніцтва! Рукі багоў, з іх неабвержнай уладай і здрадлівасцю, былі яму добра вядомы. Апрача таго, ён як і раней не мог цярпець дакранання да свайго цела. Белы Клык зарыкаў яшчэ больш злосна і прыгнуўся да зямлі, а рука прадаўжала апускацца. Ён не хацеў кусаць гэтую руку і цярпліва зносіў набліжаючуюся небяспеку да таго часу, пакуль мог змагацца з інстынктам-з ненасытнай прагнасцю жыцця.

Уідон Скот быў упэўнен, што заўсёды паспее своечасова адхапіць руку. Але яму яшчэ суджана было пазнаёміцца з надзвычайнай хуткасцю Белага Клыка, які