Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выконваў усякую іншую брудную работу. У форце да яго адносіліся цярпіма і нават глядзелі на яго досыць спачувальна, як на істоту, скаверканую жыццём. Апрача таго, Прыгажуна Сміта крыху баяліся. Ад такога злоснага баязліўца можна было атрымаць і кулю ў спіну і шклянку кавы з атрутай. Але-ж каму-небудзь трэба гатаваць абед, а Прыгажун Сміт, не гледзячы на ўсе свае недахопы, ведаў сваю справу.

Такі быў чалавек, які захапляўся незвычайнай адвагай Белага Клыка і марыў заўладаць ім. Прыгажун Сміт пачаў заігрываць з Белым Клыкам. Той не звяртаў на гэта ніякай увагі. Потым, калі заігрыванні гэтыя зрабіліся больш настойлівымі, Белы Клык вышчарыў на Прыгажуна Сміта зубы, натапырваўся і ўцякаў. Гэты чалавек яму не падабаўся. Белы Клык чуў у ім нешта злоснае, палохаўся яго працягнутай рукі і наўмысна мяккага голасу і ненавідзеў яго.

Дабро і зло ўспрыймаюцца простай істотай вельмі проста. Дабро ёсць усё тое, што спыняе боль, што нясе з сабой волю і задавальненне. Таму дабро-прыемнае. Зло-ж ненавіснае гаму што яно прыносіць трывогу, небяспеку, пакуты. Несвядома, нейкім невыразным, невядомым яму самому шостым пачуццём Белы Клык угадваў, што гэты чалавек тоіць у сабе зло, пагражае гібеллю і што яго трэба ненавідзець.

Белы Клык быў дома, калі Прыгажун Сміт упершыню зайшоў у палатку да Шэрага Бабра. Яшчэ задоўга да яго з'яўлення, па аднаму гуку крокаў, Белы Клык ведаў, хто ідзе іх, і натапырыўся. Ён ляжаў, вельмі добра прыладзіўшыся, але зараз-жа падняўся, як толькі чалавек увайшоў у палатку, і паціханьку, як сапраўдны воўк, уцёк на другі канец лагера. Белы Клык не ведаў, аб чым ішла гутарка, але бачыў, што Шэры Бобр размаўляў з гэтым чалавекам. У часе гутаркі Прыгажун Сміт паказаў на Белага Клыка пальцам, і той зарыкаў, нібы рука чалавека была не на адлегласці пяцідзесяці футаў ад яго, а апускалася яму на спіну. Прыгажун Сміт зарагатаў, і Белы Клык парашыў схавацца ў лесе і, уцякаючы, усё азіраўся назад, на размаўляючых людзей.

Шэры Бобр не хацеў прадаваць сабаку. Ён разбагацеў ад гандлю і ні ў чым не меў патрэбы. Апрача таго,