Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цяжкую дубінку. Белы Клык адскочыў убок, ледзь паспеўшы ўхіліцца ад удару. Хлопчык пабег за ім, а Белы Клык, які быў незнаём з пасёлкам, кінуўся паміж двума вігвамамі і апынуўся ў тупіку паміж імі і высокім земляным валам.

Дзявацца не было куды. Хлопчык загароджваў адзіны выхад з тупіка. Падняўшы дубінку, ён накіраваўся да загнанага ворага. Белы Клык раз'юшыўся да апошняга. Яго пачуццё справядлівасці было абурана, ён увесь натапырыўся і сустрэў хлопчыка грозным рыкам. Белы Клык добра ведаў закон: усе рэшткі мяса, як, напрыклад, кавалачкі мёрзлай аленіны, належаць сабаку, які іх знаходзіць. Ён не зрабіў нічога дрэннага, не парушыў закона, і ўсё-ж хлопчык збіраўся пабіць яго. Белы Клык сам не ведаў, як гэта здарылася. Ён зрабіў гэта ў прыпадку шаленства, і ўсё здарылася так хутка, што яго праціўнік таксама нічога не паспеў зразумець. Зусім нечакана хлопчык апынуўся на снезе, а зубы Белага Клыка пракусілі яму руку, якая трымала дубінку.

Але Белы Клык ведаў, што закон, устаноўлены багамі, парушаны. Ён усадзіў зубы ў свяшчэннае цела аднаго з іх і павінен чакаць цяпер самага страшнага пакарання. Ён уцёк пад абарону Шэрага Бабра і сядзеў, скруціўшыся, ля яго ног, калі ўкушаны хлапец і ўся яго сям'я з'явіліся патрабаваць адплаты. Але яны пайшлі ні з чым. Шэры Бобр абараніў Белага Клыка. Тое-ж зрабілі Міт-Са і Клу-Куч. Прыслухоўваючыся да спрэчак і назіраючы за гнеўнай жэстыкуляцыяй людзей, Белы Клык зразумеў, што для яго ўчынку ёсць апраўданне. І такім чынам ён даведаўся, што бываюць багі — і багі. Яны падзяляюцца на яго багоў і на чужых багоў, і паміж імі існуе вялікая розніца. Ад сваіх багоў ён павінен прымаць усё — і справядлівасць і несправядлівасць. Але ён не абавязан цярпець несправядлівасці чужых багоў. Ён мае права помсціць за яе зубамі. І гэта таксама было законам багоў.

У той жа дзень Белы Клык даведаўся яшчэ тое-сёе аб гэтым законе. Збіраючы галлё ў лесе, Міт-Са наткнуўся на кампанію хлапчукоў, сярод якіх быў і пакусаны. Адбылася сварка. Хлопчыкі накінуліся на Міт-Са. Яму прыходзілася дрэнна. З усіх бакоў на яго сыпаліся ўдары. Белы Клык спачатку проста назіраў за бойкай. Гэта справа багоў, і ён да гэтага не мае ніякага дачынення. Потым Белы Клык уцяміў, што б'юць-жа