Старонка:Kahaniec.Modny sliachciuk.djvu/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з яго толькі кпяць і смяюцца. Ніхто аб ім добрага слова не скажа. Ходзіць па-моднаму, увесь у чорным, сурдут доўгі, ззаду разрэзаны… Не раўнуючы, як той чорт.

Ян. Бачыш яго! А я гэтага і не ведаў!

Ганна. Бо тата ўсё або ў полі, або ў хаце. А я ведаю, бо не раз яго спатыкала. Як сустрэну яго на вуліцы, дак кожын раз ажно жахнуся. А сабакі ненавідзяць яго горш, як воўка. Часам за паўвярсты ад засценка дагоняць яго ды калошы паабрываюць. Цьфу! Сабака яго не можа сцярпець, а я бы мела за яго замуж ісці…

Ян. Кажуць, што вучоны.

Ганна. Вучоны, вучоны! Бульбы ад рэпы не распазнае. А гаворыць дык так, што і зразумець яго трудна. Нашае мовы саромеецца.

Ян. Гэта брыдка! Але хацелася б мне зяця прычакаць, — унукаў бы гадаваў.

Ганна. Прычакаеце, прычакаеце.

Ян. Цяжка, бачыш, з гаспадаркаю ўпраўляцца, а найміт — не свой чалавек: і дорага каштуе, і на старану гатоў што перадаць, ведама, чужы.

Ганна. Але! А хочаце мяне ў горад аддаць. А хто ў вас за гаспадыню будзе, хто каровы падоіць, хто свінні пакорміць? Хто страву вам зварыць? Хто з жнейкамі ў постаці стане!

Ян. Я цябе не няволю.

Ганна. Тут я радзілася, тут і матуля мая пахавана, тут я і астануся. Хто б тагды магілку матчыну прыбраў. Зарасла б яна дзікім зеллем, а вам бы матка супакою не дала за тое, што мяне ад яе адлучылі… (Плача.)

Ян (разжалены). Не плач жа, не плач. Я ж цябе не прымушаю. Мне і самому дужа ён не падабаецца. Дый цяжка мне ўжо аставацца аднаму. Ведаю, пра Ігнася думаеш, дый нешта ж ён маўчыць дагэтуль, не сватаецца.

Ганна. Але і да іншых не ўдаецца.

Ян (смеючыся). А ты б яго хацела. (Ад якойсь пары ўжо сабакі брэшуць.

Ганна. Мала бы што, ды мне і з вамі добра.

Ян. Але каго гэтак сабакі апанавалі? Выскачы, дачушка, глянь, каго яны так тамака бяруць? (Ганна выходзіць.)

З’ява IV

(Ян, зняўшы з кручка кажух, падкінуў сабе пад галаву і прылёг за сталом на лаве, так што яго не відно ад дзвярэй. У хату ўскаквае, уцякаючы ад сабак, Пранцішак — бледны, задыхаючыся; ён у чорным сурдуціку, у чорных нагавіцах, у белых рукаўчыках і каўнерыку.)

Пранцішак (азірнуўшыся па хаце). І тут нікагусенька. А псямаць іх, чуць мне сурдута не з’елі. Цэлых пяць рублёў жыду