Старонка:Kahaniec.Modny sliachciuk.djvu/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ян. Ну, дык кажы, што там за дзела такое.

Якуб (скрабучыся за вухам). Так, — бачыце, ваша, — я як бы за дзелам, а і пачаць не ведаю з чаго…

Ян. Будзь здароў, пане браце. (П’е і налівае). Так скажы, пане браце, якое такое труднае дзела маеш. Але перш чарку выпій.

Якуб. Дзякую. Калі ж неяк і піці сорамна.

Ян. Чаму так? Чым хата багата, тым і рада.

Якуб. Дзякую, дзякую!

Ян. Я, бачыш, вельмі ўпрашваць не ўмею.

Якуб. Ды не аб тое. Здаецца, не цяпер мы знаемся.

Ян. Так чаму ж гэт ты?..

Якуб. Я, бачыш, ваша, на добры лад павінен бы сам да вас з гарэлкаю прыйсці. А так то і пачаці не ведаю з чаго…

Ян. Т-а-ак! Вось яно што…

Якуб. Да ўжо ж…

Ян. Праўда, што яно трохі не па-людску. А дзе ж наш маладзец? Чаму ён не прыехаў?

Якуб. Га, мода цяпер такая.

Ян. Мода-модаю, а звычай — святое дзела.

Якуб. Затым-то і мне так цяжка. Ці то мне першыня сватацца? Ці мала я на сваім вяку паненак кабетамі зрабіў? Бо, па праўдзе сказаўшы, у сватанні шчасце маю. Адно цяпер неяк язык у роце вязне.

Ян. Так, так…

Якуб. Сам не ведаю, што рабіць, але мой кавалер так захацеў.

Ян. Кепска, кепска.

Якуб. Кажа, што мода цяпер такая, што па-нашаму не сватаюцца. А ён жа ў гэтым дзеле маракуе, бо хлопец вучоны, шмат свету бачыў, у горадзе бываў, усялякай навукі набраўся, дык ужо і не жыве па-нашаму, але з культураю.

Ян. А што гэта такое?

Якуб (засаромеўшыся, заікаецца). Ну ку-уль-куль-ту-у-рра.

Ян. Куль-куль-куль… Нешта я гэтага ніяк не ўцямлю. Што гэта: баба якая ці што?

Якуб (заклапочаны). Па праўдзе сказаць, то я і сам не ведаю, што гэта такое.

Ян. Ну, дык чаму ж гаворыш ты, чаго не ведаеш сам. На ліха нам тыя думкі заморскія. Ці ў нас сваіх слоў не хватае?

Якуб. Не гневайся, вашэць: гэта ён мяне так навучыў, каб зразу відаць было, што ён не абы-які кавалер.

Ян. Ого-го! Штось мне не спанараўна. А хто ён такі, ваш гэты заморскі паніч?

Якуб. Пранцішак.

Ян. Які Пранцішак? Адкуль?

Якуб. Ды гэты, з Вішнёўкі, Карчэўшчык.