Старонка:Kahaniec.Modny sliachciuk.djvu/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ян. Ага-а-а! Гэта Антона, вечны яму пакой, сын. Гэта той, што гаспадаркі не любіць і найболей у горадзе бадзяецца.

Якуб. Для навукі, бачыш, усё.

Ян. Ведаю я, якой навукі: у карты гуляць, гарэлку піць, за дзеўкамі валачыцца - вось гэткіх панічоў навукі.

Якуб. Ну, дык як жа будзе?

Ян. Пабачыма.

Якуб. Да і дачцы скажыце, каб не працівілася. Усё ж то так паніч бывалы, далікатны, - не так, як нашы засцянковыя.

Ян. Дачкі няволіць не буду. Як яна спадабае. Адну толькі маю. Яна ў мяне і дома гаспадыня, і ў полі работніца. Добрае дзіця. Вольную волю мае. Каб я толькі ведаў, што ён хлопец добры, не лайдак, то перашкод рабіць не буду.

Якуб. Так то яно так. Але растлумачце ёй, што гэта не просты хлопец, а вучоны.

Ян. А што тамака вучоны, вучоны. Хочаце, - самі намаўляйце. Я гаварыць не буду.

Якуб. А мо і пагаварыць з ёй...

Ян (кліча). Ганна, а, Ганна! Хадзі-тка, дзетка, сюды.

З'ява II

Ганна (убягае босая, падкасаўшыся, з дзеркачом у руках; убачыўшы чужога, засаромелся, абцягнула спадніцу і стала ў качарэжніку). Тато, мяне клікалі?

Ян. Але! Вось пан Якуб з табой пагаварыць хоча.

Ганна (утаропіўшыся). Пан Якуб?!

Якуб. Што, паненка, на мяне так дзівішся? Сядзь лепей, пагаворыма.

Ганна. Дзякуй, я магу і стоячы паслухаць.

Якуб (заклапочаны, памаўчаўшы). Памажыце, ваша, пане Яне.

Ян. Бачыш, Ганна! Пранцішак Карчэўшчык да цябе свата прыслаў.

Ганна (сарамліва павярнуўшыся да печы, нішчыкам усміхаецца і маўчыць).

Якуб. Ну, што ж паненка на эта скажа?

Ганна (прыкідваючыся нязнайкаю). Не ведаю.

Якуб. Падумай, паненка: ён жа і вучоны, і далікатны, і па-польску, і па-расейску гаварыць умее. Будзеце ў горадзе жыць з панамі таварыства вадзіць.

Ганна. У-у-га! (Як бы да сябе.) Так многа!

Якуб. Будзеш, паненка, у дарагіх сукнях хаджываць, далі-