Старонка:Harun.Datrymau charaktar.djvu/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вінцусь. А можа, і лепш, што высака… Бо нават, пакуль мы і ў Алены знайшліся б, татка мог бы набрацца страху, а за што ж яго палохаць. Пойдзем лепш, Зюк, паставім усё на месца і будзем вучыцца.

Зюк. Пачакай, там нехта ідзе па сцежцы. Цётка і… за кутом не відна… Ага, і нейкі мужчына.

Вінцусь (стаўшы на пальчыкі). Дзе? дзе? Зюк, дык гэта ж татка, татачка.

Зюк (радасна). Праўда! праўда! Божа мой, колькі часу мы ўжо не бачыліся? Якая гэта будзе радасць зараз пры спатканні!

Вінцусь. А ведаеш, Зюк, аб чым тата цяпер з цёткай гаворыць?

Зюк. Аб чым?

Вінцусь. Аб нас. І цётка, напэўна, ужо данесла тату, што мы ўжо трэці дзень не вучымся. І хто яго ведае, што тата яшчэ аб гэтым падумаў…

Зюк (неспакойна). Так думаеш?

Вінцусь. А пэўна. Слухай, няхай нас тата застане за працай: паставім усё на месца і пачнём вучыцца.

Зюк. Слушна гаворыш. (Абодва саскакаюць са стала і даводзяць да пачатковага парадку. Ставяць на месца крэслы.) Ну, я ўжо не зачну так другі раз…

Вінцусь. Як і я. Гэта брыдка, што татусь нас тут застане, сорам! (Сеўшы, бярэ граматыку і голасна цвічыцца[1] ў скланеннях). «Я буду пільны, ты будзеш пільны, ён будзе…»

Зюк (піша з кнігі). «Праца ёсць школай для моладі і аздобай для старасці». (Кінуўшы пісаць.) Ах, чаму ж яны не ідуць?

Вінцусь. Спяшайся з заданнямі, стары мармытун, — потым назюкаешся. «Я быў пільны, ён быў пільны… Я быў…» (За дзвярыма галасы, пакручваецца ключ у замку.) Не вытрымаю. (Бяжыць і выскакуе проста ў дзверы.) Татачка!

  1. Цвічыцца - практыкавацца.