Старонка:Harun.Datrymau charaktar.djvu/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка была правераная

АЛЕСЬ ГАРУН

ДАТРЫМАЎ ХАРАКТАР

Абразок у адной дзеі

АСОБЫ

Зюк — хлопчык 11 гадоў. Вінцусь — яго брат 10 гадоў.

Даволі абшырны, але пусты пакой. Проста ад публікі дзверы з шыбкамі ўгары. У левай сцяне даволі высока ад падлогі вакно на 4 шыбы. Апрача стала і 2 крэслаў — ніякіх мэбляў. Сцены голыя. На стале кнігі, сшыткі.

Зюк і Вінцусь сядзяць каля стала.

Вінцусь (голасна ўздыхаючы). Гэта ўсё роўна, але каб мы вучыліся, цётка напэўна б ніколі нас тут не замкнула... У гэтым ты вінен. Ужо трэці дзень, як мы не хочам вучыцца.

Зюк (устаючы). А я табе кажу: будзе па-мойму. Трэба толькі не траціць натуры[1].

Вінцусь. Не ведаю, што гэта мае значыць «не траціць натуры», але ведаю, што ў сто разоў ляпей было б цяпер гуляць, чымся тут сядзець. Бо гэта агромне нудна - сядзець пад замком за ка́ру.

Зюк. Цётка, трэба сказаць, залішне строга з намі абыходзіцца, асабліва са мной. Мяне, у маім вяку, пазваляе сабе замыкаць у гэты абрыдлівы пакой. Табе ад гэтага нічога не станецца, ты яшчэ дзіця, але я. Я маю ўжо адзінаццаць гадоў.

Вінцусь (абражаны). А я дзесяць...

Зюк. Дзевяць і пяць месяцаў.

Вінцусь. Ну, сем месяцаў што ж... дурніца...

Зюк. Ого! гэта розніца. Па дзесяцёх гадох кожны мужчына ўжо дарослы. (Трагічна.) Але я не папушчу ёй!

  1. Не траціць натуры - настойваць на сваім, рабіць па-свойму.