Старонка:Harun.Datrymau charaktar.djvu/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была правераная


186 Вінцусь. Цікавасць. Што ты зробіш?

Зюк. Першае: як толькі тата прыедзе, зараз яму ўсё раскажу, як тут без яго з намі абыходзіліся, як не шанавалі мяне, яго старшага сына… і хто: нейкая кабета, нейкая цётка, якая, можа, меней правоў мае тут распараджацца, чым я…

Вінцусь. А другое?

Зюк. Другое? (Збіты запытаннем з тору.) Потым пабачым.

Вінцусь. Так… Але, бачыш, калі цётка тут усім у нас парадкуе, то, значыцца, ёй можна… Яна ж у нас ужо даўно, ад самай мамінай смерці, і тата ёй ува ўсім даець волю і цяпер. Тата ведаў жа, калі мы маемся прыехаць на вакацыі, і, калі выязджаў, пэўна ж прыказываў цётцы, як нас трымаць. А потым — старшыя заўсёды барзджэй[1] з сабой згаворацца, чым з намі, і нам яшчэ так можа дастацца, што хто яго згадае як!

Зюк (неспакойна). Ты так думаеш?

Вінцусь. Але, так…

Зюк. Э… хто там ведае…

Вінцусь. Павер мне! Старэйшыя заўсёды разам.

Зюк. Гэта праўда. Але як быць, калі штодня тое самае? Цётка прымушае нас працаваць па дзве гадзіны кожную раніцу. Ці табе здаецца, што гэта мяне можа забаўляць?

Вінцусь. Наагул мне нічога не здаецца.

Зюк. Блазнюк! То ж вялізнае надужыццё[2] цяпер нас змушаць да навукі. Вакацыі[3] — саўсім не пара для навукі!

Вінцусь. Але, праўда. Толькі як мы добра папрацуем гэтых дзве гадзінкі, дык потым цётка даець нам волю гуляць праз цэлы дзень, а як мы не вучымся, дык замыкае… Калі так далей пойдзе…

Зюк. Слухай, Вінцусь, ці ты думаеш, што цётка…

  1. Барзджэй — хутчэй.
  2. Надужыццё — тут: прымуса, намаганне, высілкі.
  3. Вакацыі — канікулы.