Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падобная авантура нават і ў Парыжы ніколі мне не здаралася. (Выводзіць Навума наперад сцэны.) Адказвай, д’ябал пракляты, хто ты?

Навум. Да я ж Навум, войт тутэйшы. А мой жа ж ты міласніку! чаго ж ты чураешся цяпер ад мяне? Знаш прымаўку! любіў добрае, палюбі ж і злое.

Камісар. А-ей, вось ліха! Маспане! дык жа гэта не Югася, а мая, пане, даруй, жонка! Прапаў я! (Выходзіць наперад сцэны.)

Уршуля. Ага, ветрагон! папаўся! Гэта такая твая малжонская вернасць? га?

Камісар. Мая любенькая! Калі ты не перастанеш верыць плёткам, дык у нас ніколі добрага жыцця не будзе.

Уршуля. А ты ж мне баяў, што пан пасылае цябе ў другі фальварак і дзеля таго дома начаваць не можаш; а ты, мой міленькі, на ўсю ноч у залёты выбраўся! О пачакай, дабрадзею! Я ж табе пакажу залёты! (Вымае з фартуха дысцыпліну і б’е яго па плячах, трымаючы за руку, а ён кругом яе круціцца.)

Камісар. Ай! ай! паволі, душачка мая! жонка каханая! Прысягаю табе на майго патрона, святога Банавантура, што ўжо з гэтага часу табе ніколі не здраджу, толькі гэты апошні раз даруй.

Навум. Баш ты яго! Не рад, што б’юць, да яшчэ і нагамі трапечыць.

Уршуля. Ах! гэта ж і пан наш тут! (Да мужа.) Шчасце тваё! (Да Кароля.) Прабач, яснавяльможны пан дабрадзей. Сапраўды не заўважыла! (Робіць рэверанс, а потым, абярнуўшыся да мужа, гаворыць.) Ну!.. папомніш ты мяне, стары ветрагон!.. дамся я табе ў знакі! (Да Кароля, робячы рэверанс.) Перапрашаю яснавяльможнага пана!.. але ж гэта такая авантура, аб якой у ніякай кніжцы я не вычытала! (Да мужа.) Ну! ну! ну! пакажу я табе гэтыя плёткі, прыйдзі толькі да дому! (Выбягае, запыхаўшыся, усцяж паўтараючы.) Плёткі! ха! ха! плёткі!..