Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сцэна XI

Дабровіч і Шчырэцкі.

Дабровіч. І што ж? Шчырэцкі! Нашыя планы прымаюць найлепшы паварот. Кароль не заўважыў, што папаўся ў пастаўленае яму сіло. Якая гэта вялікая змена ў спосабе яго мыслення!

Шчырэцкі. Усё гэта сталася дзякуючы тваёй дачцэ, пане! Тутэйшыя сяляне ніколі не перастануць бласлаўляць яе. А я, о, з якою радасцю глядзець буду на той шчаслівы момант, калі гэтая пара, створаная для сябе, злучыцца неразарваным шлюбным вузлом! Ах, у той час хацеў бы спакойна закрыць свае вочы, каб пацешыцца з нябожчыкам панам маім недаўгавечным шчасцем іх на зямлі!

Дабровіч. Але ўжо ўсё трэба давесці да канца. Што ж? ці ж маеш упэўненасць у гатоўнасці людзей стаць на першае маё запатрабаванне?

Шчырэцкі. О, будзь, пан, спакойны, яны тут блізка; на даны знак прыйдуць.

Дабровіч. То парасстаўляй іх на паказаных месцах, а я скора падайду сюды, каб пільнаваць разам з вамі. О Божа! прывядзі планы нашы да пажаданага канца! (Адыходзіць.)


Сцэна XII

Музыка іграе піяна, пасля штораз цішэй.

Шчырэцкі тройчы б’е ў далоні — некалькі людзей падыходзяць.


Шчырэцкі

№ 9

Цсыт! паволі, без галасу,

На свае мясцы ідзеце.

Кожны, покуль што да часу,

Будзь так блізка на прымеце.


Хор паўтарае, потым разыходзіцца. Музыка іграе піянісіма.