Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Навум.

Не для нас, знаць, дзеўка-дворка.
Добра кажа прыгаворка:
Гдзе толькі мужык з слаўцом,
Там за ім пуга з вузлом.

Выходзяць.

Сцэна XV

Змена дэкарацыі: вялікі панадворак; з правага боку панскі дом; абапал гаспадарчыя забудовы; з аднаго боку стаяць сяляне і сялянкі, з другога ж - Дабровіч, Камісар, Уршуля, яго жонка, і ўсе дворныя, сярод іх Юлія. Калі ўваходзіць Кароль, паперадзе яго ідуць дзве дзяўчынкі, сыплючы яму пад ногі кветкі. Ён жа ідзе проста да Дабровіча і вітаецца з ім, а пасля дзякуе з абодвух бакоў сялян. За Каролем ідуць Ян і Навум.

Хор сялян.

Да прыбывай жа к нам - яркае солнышка,
Да асвяці ж ты нам - белы аконышка!
Да расцвітай у нас - прыгожа красачка!
Да прыгалуб жа нас - мілая ласачка!
Доўга ж мы ждалі ця - наш ты кароліку!
Палётай жа пры нас - смелы саколіку.

Хор дворных.

Зірні ў бок гэты, ласкавы пане!
І тут прыхільна цябе вітаюць.
Прымі ты шчыра гэта вітанне.
Хай табе шчасцем дні ў нас лунаюць!

Юлія.

Калі з далёкіх ластаўка ніваў
Вясной вяртае дамоў шчасліва,
Свой забывае далёкі вырай,
Ў роднай сялібе цешыцца шчыра.
І ты, о пане, сярод сабраных
Сялян застанься жыць назаўсёды;
Шукай пацехі сярод падданых;
Будзь для іх бацькам і асалодай.