Перайсці да зместу

Старонка:Dunin-Marcinkievic.Hapon.djvu/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вот калі покруцяў[1] туча
Гурмам мядзведзя асадзіць,
А ён са злосці мармуча,
Як каторага пагладзіць,
Той з болю яўкне, той брэша,
Так Гапон наш колам чэша.

Ён вярцеўся, кабы ўюн,
Сюды і туды кідаўся,
Не жалеў, біў хто папаўся,
Але і коман[2] цікун!
Глядзь! усякія плахціны[3],
То кажухі, то пярыны
На Гапона стаў кідаць,
Не дзіва ж было паймаць:
Яго, беднага, звязалі
Дый у калодкі скавалі;
Годзі вадзіць карагод!
Кацярынка ж пабляднела,
Заплакала, абамлела,
Прыйшоў на іх чорны год.

ПЕСНЯ 2

Над сіратою
Бог з калітою[4].
З камедыі-оперы «Ідылія»

У вялікім у сяле,
Над дняпроўскай стараною,
На прыгорку ў вугле,
Між лесам да між ракою,
Там стаялі дзве хаціны:
Усцінні, друга Гарпіны.
Першай мужык быў Мірон;
Нівесь за якія грэхі,
Не дажыў з сына пацехі,
А той сын — быў наш Гапон.

Ён — няма чаго казаць!
Горды, смелы, зух дзяціна!
За сваіх умеў стаяць,
А прыгожы, як маліна,
Да і пісьменны ж быў ён:
На яго са ўсіх старон
Дзеўкі сумаўчком зіркалі,
На ігрышчах прысядалі;
А Гапон ані глядзіць;
Ён пры суджанай дзяўчыне,
Наймілейшай Кацярыне,
Як прысядзе — дык садзіць.

  1. Покруці — сабакі.
  2. Коман — аканом.
  3. Плахціны — халсціны.
  4. Каліта — скураны мяшочак, кашалёк.