Перайсці да зместу

Старонка:Dunin-Marcinkievic.Hapon.djvu/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кацярына ж усцяж плача,
А копан пры беднай скача,
Вот налёг яе згубіць:
Прыказаў зазваць у двор
Дый у прачкарню ўпёр;
Баш! узяла погань моч:
То прыкінецца к ней лісам,
То са злосці страшным бесам,
Штоб як-небудзь яе змоч.

А Кацярынка галосіць!
І, падняўшы к небу рукі,
Яна Бога усцяж просіць,
Штоб акончыў цяжкі мукі.

Так раз яна ў садочку
Дый у цёмным у куточку
Горкі слёзкі вылівала,
Сваю долю праклінала.
Бог пажалеў сіраціну,
Трэба ж у тую гадзіну
Пані па саду гуляць
І бедненькую спаткаць.

"Што ты, сэрца, цяжка стоніш,
Аб чом горкі слёзкі роніш,
Хто пакрыўдзіў, скажы мне?"
Кацярынка ж без трывогі
Яснай пані пуц у ногі
Дый так расказ свой іме:

"Пані наша найяснейша!
Маці наша наймілейша!
Вот крыўда мая така!"
Ну ж тут праўду ёй казаці,
Аканома цукраваці,
Не жалела ж языка.

У пані вушы павялі,
Аж воласы дыбам сталі,
Як пачула той расказ,
І ўспляснула рукамі,
І залілася слязамі
Дый такі дала прыказ:

"Штобы пана аканома
Ні нагі тут каля дома
За гадзіну не было".
Вот ён, далоў нос спусціўшы
Ды, як воўк, вушы стуліўшы,
Пакінуў двор і сяло.

З той жа пары Кацярына,
Як пакаёва дзяўчына,
Пры пані стала служыць;
Пані яе палюбіла,
Чытаць, пісаць навучыла,
Па ксёнжцы Бога хваліць.