Старонка:Drygva 1934.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзед-жа Талаш за гэты час абдумаў план свайго далейшага дзеяння. Ён вышаў з свае засады, прыслухаўся, разгледзеўся. У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваючы між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. На доле было ціха і глуха. Дзесь лявей вёскі як-бы даносіліся далёкія стрэлы. А можа гэта проста толькі здавалася дзеду Талашу. Яшчэ пастаяў з хвілінку і паволі рушыў у бок свайго дома. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду, ішоў роўняддзю балотных палос вады, туляючыся між аголеных лазавых кустоў і востра ўзіраўся ў белую імглу снежнага пуха. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутуненне, каб лепш быць прыхаваным ад людскога вока.

А пад вечар таго самага дня ў вёсцы з'явілася група польскіх жалнераў. Увайшлі яны ціха, непрыметна, нікога асабліва не напалохаўшы. Пан Крулеўскі, як відаць, паінфармаваны ў гэтай справе, меў гутарку з начальнікам, пасля чаго і жалнеры і пан Крулеўск зніклі з вёскі, а праз некаторы час сюды ўвайшоў цэлы аддзел жалнераў на чале з афіцэрам. Ішлі жалнеры па вуліцы дужа брава, з падкрэсленым выглядам ваяк і пераможцаў. Малады фарсісты афіцэрык строга, коратка, як і палагаецца запраўскаму ваяку, аддаў распараджэнне, спыніўшы сваё войска на плошчы, паставіць варту, адзначыў пункты, дзе варта