Старонка:Drygva 1934.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і як расцэньваецца яго ўчынак. А ў гэты час, як дзед Талаш сядзеў пад яліною і думаў свае думкі, там, у вёсцы, пан Крулеўскі расчышчаў дарогу і падрыхтоўваў поле грамадскай думцы на карысць польскай акупацыі, польскай улады і дзяржаўнасці. Ён сабраў вакол сябе паважаных гаспадароў, вядучы з імі гульню ў польскую дэмакратычнасць. Васіль Бусыга быў яго верным памочнікам. Калі пан Крулеўскі вёў рэй галоўнага свата польскасці, то роля Васіля Бусыгі зводзілася да ролі панскага падбрэхіча. Пан Крулеўскі лічыў сябе знатаком сялянскай псіхалогіі, стараўся гаварыць іх моваю, іх лексіконам. Настрой яго быў узняты, і ён чуць не захлынаўся, калі гаварыў аб польскай культуры, аб польскай дэмакратычнасці, аб польскай місіі быць шчытом для еўрапейскай культуры ад навалы большэвіцкай азіятчыны. Толькі Польшча забяспечыць людзям волю і нацыянальную роўнасць.

Васіль Бусыга ілюстраваў панскія тэзісы наконт большэвіцкай дзікасці і грабежніцтва практычнымі прыкладамі, з якіх відаць як большэвікі знішчалі дабро, як прыціскалі нават просты народ, хто трохі жыў багацей, забіраючы коні, каровы, адбіраючы кроўю і потам набытую зямлю і аддаючы яе гультаям, што не ўмеюць павярнуцца каля зямлі. Успомнілі тут і дзеда Талаша і яго «дзікі» ўчынак, і асудзілі яго самым рашучым чынам. Не дарма-ж на яго кватэры стаяў чырвоны камандзір.