Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра, — узрадавалася Зося, што пойдзе дадому. — Крыху счакаю і пайду.

— Ідзі цяпер.

Цяпер ужо здагадалася Зося: значыцца, гспадыня хоча яе збыць на гэты час? Баіцца, каб яна тут была?

Новыя думкі агарнулі яе, прыглушаную жыццём. Штосьці падобнае да пачатку бунту заварушылася ў ёй. З гэтага моманту яна пачала траціць сваю ранейшую наіўнасць. Яна спрабавала зрабіць ацэнку справам. Думкі яе пайшлі ў такім кірунку: той чырвонаармеец (яна думала пра Кандрата Назарэўскага) спрачаўся са Скуратовічам і спачуваў мне. Гэтыя людзі таксама з Скуратовічам спрачаюцца. Скуратовічы са мною і з імі — таксама. Але ж той, Назарэўскі, паехаў і што ён мог мне памагчы? Гэтыя таксама? Я зноў астануся тут за парабчанку.

— Ты не думай, а ідзі, — сказала Скуратовічыха.

І гэтая Скуратовічына катэгарычнасць павярнула Зосю да ўпартай рашучасці. Зноў пайшлі ранейшыя думкі: дакуль мне быць тут? Можа, дзе ў іншым месцы астацца? І яна схітрыла, выпрабоўваючы гаспадыню:

— Я раней памыю сваю сукенку, а тады пайду.

— Памыеш прыйшоўшы.

— Не, я памыю цяпер, — урачыста заявіла Зося.

Але ўрачыстасць гэтая была не зусім глыбокая. Была і трывога і няпэўнасць. Самая малая выпадковасць магла яшчэ пакуль што павярнуць дзейнасць гэтага чалавека ў іншы бок. Гаспадыніна дрэнна схаваная злосць трымала Зосю на занятых пазіцыях, але з непрывычкі яна яшчэ трымалася на іх з цяжкасцю.

— Памыеш, Зоська, пасля, а цяпер ідзі.

Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. «Ціхасць» паказвала, што яе, Зосі, баяцца. І цяпер пачаўся ўжо сапраўдны бунт.

— Буду мыць, — заявіла яна.

— Ты не наймалася на тое, каб мыць тут, у рабочы час, свае анучы.

— Буду мыць і дадому не пайду. Ідзіце самі, калі вам трэба пагаварыць з маім бацькам.