Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

31 — Дасць. А не дасць — дык скажу. От бацька ўзрадуецца, калі пуд жыта прывалаку дадому. Ты ж адно маўчы.

І з таемным выглядам змоўшчыка ён сказаў Зосі, дзе схавана збожжа. Зося пайшла дваром. Дзве фурманкі стаялі каля кухонных дзвярэй. Скуратовіч быў каля іх. На вузкай лаўцы пры сцяне сядзеў чалавек у чорным фрэнчы, чырвонаармейцы, ляжалі на абшчыпанай гусьмі траве. Скуратовіч гаварыў:

— Гэтулькі вы, таварыш камісар, салдат узялі, як бы баіцеся мяне, ці што? (З губ яго выціснулася вялая ўсмешка.) Кажуць, бандыты па лясах ёсць. Можа, і праўда, хто яго ведае. Каля нас то пакуль, дзякуй богу, не чуваць гэтага. Страшнавата, на адзіноце жывём.

— Вы гаворыце, што ўраджаю жыта ў вас усяго, што ў гумне ляжыць? Больш вы нідзе не складалі?

— Не.

— І леташняга збожжа ў вас ні зерня няма?

— Як-то ні зерня? Дзве кадушкі — от жа! — у сенцах стаяць. І кадушка мукі. Стаіць мне на абыходак, бо маладога хаця каб я, бог даў, паспеў пасеяць, намалаціць.

— Ведаеце, што ёсць такі закон: трэба пасеяць, трэба і есці, а лішняе трэба аддаць: вайна, армію карміць трэба.

— Трэба-то трэба, а Божа мой, хіба я не хачу аддаць лішняга!

— То скажыце дзе яно схавана. Мы ведаем, што ў вас вельмі многа збожжа схавана леташняга. Мы будзем шукаць.

— Шукайце, — заявіў Скуратовіч. — Такога крыўднага слова мне яшчэ ніхто ніколі не гаварыў. Не даюць веры чалавеку. Я на судзе не раз стаяў за сведку, ніколі няпраўды не сказаў. Я з людзьмі жыў і меркаваўся. А Б-божа мой! (Ён хапіўся за галаву.)

Зося прайшла моўчкі праз іх. Яна чула частку гэтай гаворкі. У кухні была толькі адна Скуратовічыха. З-за дзвярэй яна падслухоўвала, як апраўдваўся яе муж. Як толькі Зося ўвайшла, нейкая як бы здагадка ўстрапянула Скуратовічыху, грымаса прайшла ў яе па твары. Яна так адразу і загаварыла да Зосі:

— Можа б, ты пайшла дадому запытацца, ці не прыйшоў бы твой тата заўтра да нас памагчы малаціць жыта на насенне?