Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А што ж. Ты ж сказала, што ён з коньмі ў лесе. Праўда, быў. Людзі былі, і ён быў. Не ён адзін! Але пасля твайго языка яму прыйшлося з’явіцца. Цяпер з вайны, можа, дадому галавы не прынясе.

— Калі ж ён пайшоў?

— У цябе не запытаўся, калі ісці. А некаторую ноч, нядаўна, з’яўляецца атрад, як арыштантаў якіх абкружваюць нас! Толіка пытаюць! А дзе ж я вам таго Толіка вазьму, калі ён у войску! Што, я яго з войска выпатрабую, каб ім паказаць, ці што?

Зося не зусім верыла, што Толік пайшоў у армію, але, сказаць праўду, яна пра гэта мала думала і мала гэтым цікавілася. Яна думала пра сябе: ёй было цяжка жыць, дома ж — ні рабіць, ні есці не было чаго.

— Ідзі даіць каровы, — загадала гаспадыня.

Хлявы былі за скляпком. Гэта глухі і зацішны куток хутарскога двара. Адтуль можна было і не ведаць, што робіцца ў хутарскім доме, у садзе і нават на двары каля дома. Якраз у той час уз’ехалі на двор дзве фурманкі з чырвонаармейцамі. Зося чула, як брахалі сабакі, але тут жа пачула, як Скуратовіч уняў сабак. Усё сціхла. Зося нават не выйшла — яна даіла каровы. Яна мала ў гэтыя хвіліны цікавілася тым, што магло рабіцца на двары ці ў доме. Горасць мучыла яе. Ёй хацелася, каб працэс даення кароў цягнулася як найдалей, каб так было тут ціха і каб ніхто сюды не прыходзіў.

Больш за паўгадзіны прайшло, пакуль яна падаіла каровы і пакуль пастушок пагнаў іх у поле.

— Ты ведаеш, на каго сабакі нядаўна брахалі? — сказаў пастушок да Зосі, выходзячы следам за каровамі з хлява. — Бальшавікі прыехалі развёрстку браць. Пытаюцца, дзе леташняе збожжа схавана. От цікава, ці знойдуць, ці не?

— А хіба яно дзе схавана?

— А хіба ты не ведаеш?

— Не.

— А я падглядзеў. Ты адно маўчы. Калі не знойдуць, то я папрашу ў гаспадара, каб мне пуд даў гасцінца: я ж ведаю, а н сказаў; от за гэта няхай дасць.

— Не дасць.