Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не зводзіў вачэй чалавек. Ён вельмі пільна выглядаў фурманкі і людзей на іх. Ён глядзеў на іх, аж пакуль яны не схаваліся недзе на Скуратовічавым хутары. Тады ён развалістай паходкай рушыў у глыб лесу. Там ён стаяў, прыпёршыся да дрэва, і гаварыў:

— Можна было б думаць, што гэта дэзерціраў шукаюць, але чаго з салдатамі прадразвёрсны камісар едзе? А калі ён едзе глядзець, колькі браць развёрсткі, дык нашто яму гэтулькі салдат?

— Можа, гэта не прадразвёрстчык? — пачуўся голас з-пад куста.

— Ён, я яго пазнаў.

— А куды яны паехалі?

— На ваш хутар. — Тут ён зірнуў пад куст, дзе камячыў губамі недакурак Толік Скуратовіч. Усхапіўшыся, Скуратовіч сказаў:

— Нашто яму салдаты? Як вы не можаце здагадацца? Тады ўночы, некалькі дзён таму, як я хадзіў дадому па хлеб, бачыў і чуў, як на наш хутар прыязджала іх цэлы атрад — дэзерціраў шукалі. Мяне шукалі! Я стаяў пад грушаю ў полі і слухаў. Значыцца ведаюць, што я не іду ў іхняе войска і хаваюся. А калі яны цяпер паехалі па развёрстку, то думалі: дзе ёсць дэзерціры, то там могуць і развёрсткі не даць. Чулі?

— А чаму ім канешне так думаць? — падаў голас нейкі баязлівец.

— Дурань ты! Чаму ім не падумаць, што мы ім можам галовы паскручваць!

Пасля маўчання яшчэ голас:

— Чыя чарга сёння па хлеб ісці?

Гэта ўсё іхні баязлівец стараўся трымацца мірнага тону. Толік Скуратовіч гарнуў сваё:

— Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Ідзе ноч. Пры дарозе быць трэба: можа, каго бараніць прыйдзецца.

— Каго?

— Можа, ужо майго бацьку аграбілі?

— Чаму там раптам?

— Аграбяць і твайго, не бойся ты гэтак.