Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Божа мой, Божа, у гэтакія свае гады не жыве, а туляецца ў лесе, каб на людскія вочы не паказацца.

Праз хвіліну Толік Скуратовіч сядзеў за сталом і еў, а праз хвілін дзесяць ён ужо выходзіў з хутарскога двара. Ён нёс мяшок з прадуктамі і ціснуў пад рубашкай рэвальвер. Ён ішоў спакойна, нават крыху пачаў пасвістваць. Як і кожны раз, ён думаў так, без ніякіх прыгод, дайсці да ельніку і там далучыцца да сваёй кампаніі. Ён ужо мінаў разгатую дзічку, як недзе, далёка яшчэ, па той бок хутара, пачуў як бы тупат конскіх капытоў. Ён яшчэ раз абмацаў пад рубашкай зброю і вярнуўся назад да дзічкі. Прытуліўся да яе і пачаў слухаць. «Калі што якое, то павінны абазвацца сабакі», — думаў ён. Сапраўды, неўзабаве абазваліся сабакі. Гэта быў страшэнны брэх і скогат. Больш жа нічога не чуваць было, быццам сабакі брахалі на нежывога. Тым часам Толік Скуратовіч усё стаяў пад грушаю і прыслухоўваўся. Ён бачыў, як у вокнах хутарскога дома засвяціўся агонь. Пасля вуха яго ўлавіла чалавечыя галасы, але слоў ён не разабраў. От чуваць, як заенчыў сабака — відаць, далі яму. От раптам стала ціха, а от ужо ён выразна чуе з-пад сваёй дзічкі, як на гэты бок хутара ціха гавораць і коні стукаюць капытамі па дарозе. «Конныя», — думаў ён і як мага пабег у ельнік. Там ён доўга выглядаў з-за першай прыдарожнай яліны і прапусціў паўз сябе цэлы атрад вайсковых коннікаў. Ён здагадаўся, што гэта той атрад, які ловіць дэзерціраў. Як коннікі праехалі, ён паволі пацягнуўся ў лясную гушчарню. Пад дзень хмары разышліся, выглянуў месяц. Толік Скуратовіч ляжаў пад кустом на кажуху і бачыў навокал сябе сваіх хаўруснікаў.

Цераз дзень пасля гэтага, у пасляабедзенны час, каляіністай і карчакаватай дарогай, у тым самым лесе ехалі дзве сялянскія фурманкі. На пярэдняй фурманцы сядзеў чалавек сярэдніх год, у чорным фрэнчы, і з ім два чырвонаармейцы з вінтоўкамі. Чалавек таксама меў пры сабе вінтоўку. На другой фурманцы ехала трое чырвонаармейцаў. У тым месцы, дзе фурманкі выязджалі на палявую дарогу, лес канчаўся страшэннай гушчарнёй. Тут, пры сцяне старога лесу, ішла града маладога ельніку. Праз гэтую граду, здаецца, нельга было прабрацца. І от з гэтага густога зарасніку з дзвюх фурманак