Перайсці да зместу

Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ватовае паліто з простым бобрыкавым каўнярком і вузенькім суконным паяском.

Яна не была чым-небудзь адметнейшая ад іншых дзяцей. Таксама, як і ўсе, любіла бегаць па двары на вялікім перапынку, любіла слухаць расказы, гуляла ва ўсе гульні, у якія толькі гулялі дзеці, і заўсёды ўносіла ў гэтыя гульні весялосць: яна любіла парагатаць. Яе звонкі голас і смех чуліся заўсёды, — ці то ў карыдоры, ці то на дварэ. Яна мела прывычку часта гаварыць: «ой, дзевачкі!» Часамі, бегучы, спатыкнецца і ўпадзе, і тады закрычыць:

— Ой, дзевачкі, я так далася каленам.

Вучылася яна вельмі добра. Яна старалася вучыцца. Нешта дні праз два пасля здарэння на вуліцы паміж Сержам і старым чалавекам, у пятым класе вучні рабілі арыфметычныя прыклады. Адзін прыклад асабліва здаўся цяжкім бадай-што ўсяму класу. Насця Закрэўская стаяла ля класнай дошкі, ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў і думала. Нешта ў яе тут не выходзіла. Дзеці глядзелі ў свае сшыткі. Настаўніца сказала да ўсяго класа:

— Хто зрабіў прыклад?

— Я, — абазвалася адразу некалькі галасоў. Абазваўся таксама і Серж.

— Правільна робіць прыклад Насця? — запытала настаўніца.

— Правільна, — пачуўся голас.

— Не, няправільна, — крыкнуў Серж.

— Адзін кажа: «правільна», а другі — «няправільна», — сказала настаўніца. — А ты, Насця, рабі да канца так, як пачала.

— Яна няправільна робіць! — закрычаў Серж. — Я ўжо зрабіў і ведаю. Я выйду за яе зраблю, яна не зробіць.

— Цябе не выклікалі да дошкі, ты і сядзі, — пакрыўдзілася Насця. — Я сама без цябе зраблю.

— Ты не зробіш! — аж падскочыў Серж.

— Дзеці, ціха! — моцна сказала настаўніца.

— Яна толькі будзе час траціць і не зробіць, а я зраблю! — ужо зусім крыкнуў Серж.

Зняважаная Насця злосна глянула на Сержа і зачырванелася. Серж кпліва на яе глядзеў з гордым выглядам ад таго, што ён больш ведае за Насцю.

— Сядзі, Серж, на месцы і маўчы. Ты перашкаджаеш Насці і ўсім, — сказала настаўніца.