Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пераезда. Шлагбаум быў спушчан. Стары чалавек астаўся чакаць, пакуль пройдзе поезд. Бадай-што ўжо зусім змеркла. Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба, і ўвесь захад рабіўся ясны. Сонца зайшло, але над горадам яшчэ не патухлі яго апошнія водбліскі. Стары чалавек азірнуўся навокал сябе, і на вачах яго бліснулі слёзы. Поезд прайшоў, шлагбаум падняўся, стары чалавек перайшоў праз рэйкі і ўвайшоў у глухі завулак. Тут ён пайшоў шпарчэй, выпрастаўся, здаваўся яшчэ вышэйшы ростам. Ён паспрабаваў нешта спяваць сабе пад нос ціхенька і аднастайна. Голас у яго быў вельмі нізкі.

У канцы завулка стаяў трохпавярховы вялікі стары дом. У ім было многа дзвярэй і вокан. Тынк на яго сценах даўно ўжо змылі дажджы, і дом пачарнеў. Цяпер у вокнах гэтага дома свяціліся агні і з сярэдзіны чулася музыка. Чалавек увайшоў у адчыненыя дзверы цёмнага карыдора і скрыўся там. Ён ні разу не азірнуўся і не бачыў, што Серж увесь час ішоў назіркам следам за ім, хаваючыся за сцены і платы, каб лепш падгледзець, куды гэта стары пойдзе. Серж тады толькі для віду адбегся ад чалавека, а пасля вярнуўся і пайшоў следам за ім. І цяпер ён радасна глядзеў, у які дом увайшоў ненавідны яму стары чалавек. Серж глядзеў у цёмны карыдор трохпавярховага дома з вялікім самаздавальненнем і пачаў высвістваць нейкую вясёлую песеньку. Стары чалавек нават і не падазраваў нічога гэтага.


Якраз каля таго часу, калі на вуліцах відзён стаў высокі стары чалавек, у дваццатай школе з’явілася новая вучаніца Насця Закрэўская. Ёй ішоў трынаццаты год, і вучылася яна ў пятым класе. Раней у гэтай школе яна ніколі не вучылася, і калі прыйшла з пачатку восені запісацца ў пяты клас, то сказала, што толькі нядаўна пераехала жыць у гэты горад.

Насця, ці як пасля ўсе ў школе яе пачалі зваць, Насцечка, была бойкая і рухавая дзяўчынка, белатварая, з густымі валасамі, якія роўна ляжалі на яе галаве пад грабянцом. Да самых халадоў яна прыходзіла ў школу ў шарсцяной кофтачцы, шэрай, у карычневыя палоскі, а калі стала халадней, — пачала адзяваць на кофтачку чорнае