Перайсці да зместу

Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як добра, што вы прыйшлі, — сказала Насцечка, — а то мне нудна было чакаць поезда.

— Якога поезда? — запытала Надзя.

— Мая мама прыязджае. І ведаеце што? Яна ўжо раней пісала, што мае патэфон. Яна, значыцца, яго сёння прывязе.

— А якія пласцінкі? — заспявала Фаня.

— А якія пласцінкі‑і‑і, — перадражніла яе Рая. — Адкуль жа Насця можа ведаць?

— От, каб была «Лезгінка», — зарагатала Надзя.

— Ой, дзевачкі! — крыкнула Рая. — Патанцуем «Лезгінку».

— А музыка? — паважна сказала Насцечка.

— А мы самі сабе выспеўваць будзем.

— Так вы патоміцеся, гэта цяжка так, — сказаў дзед.

Але хто яго там слухаў, калі справа ішла аб «Лезгінцы». Дзяўчаткі пачалі танцаваць. Дзед глядзеў на іх, і слаўная ўсмешка запоўніла яго твар. Усё было на свеце добра. Ён паправіўся, Насцечка здаровая, вясёлая і вучыцца добра, а зараз будзе тут дарагі чалавек — Насціна мама. Дзед пачаў біць у далоні і ў такт танца прыгаварваў:

— Гоп‑гоп, Насцечка, гоп‑гоп, Надзечка.

Адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў Сержаў бацька, а за ім Серж. Яны стукалі з карыдора ў дзверы, але іх не чулі за танцамі, і яны адчынілі самі.

— Ой, дзевачкі! — прапішчалі ў адзін голас Насця і Рая.

Танец у момант спыніўся, і дзяўчаткі ўставіліся вачыма ў Сержа. Запанавала маўчанне. Але тут радасным і ўзбуджаным голасам абазваўся дзед:

— Нарэшце я цябе дачакаўся. Чаму ж ты дагэтуль не прыходзіў? А я чакаў, чакаў…

Дзед і Сержаў бацька абняліся і пацалаваліся. Слёзы радасці стаялі ў дзедавых вачах.

— Я расказаў свайму Сяргею пра тое колішняе здарэнне з бандытамі і пра вас, — гаварыў Сержаў бацька. — І ён так палюбіў вас і аж плакаў, так прасіў, каб я яго ўзяў з сабою да вас… Сяргей, хадзі сюды, трэба ж вам пазнаёміцца.

Серж і стары Закрэўскі ступілі адзін да аднаго крок і глянулі адзін на аднаго. Дагэтуль яны яшчэ не бачыліся. Закрэўскі быў заняты вітаннем з Сержавым бацькам, а Серж спадылба пазіраў на знаёмых яму дзяўчатак і ў ду-