Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


шы сваёй праклінаў тую часіну, калі ён сюды прыйшоў. Цяпер Сержавы вочы спаткаліся з вачыма старога Закрэўскага. І — які жах! Замест таго чалавека, якога ён ужо любіў пасля бацькавых расказаў, Серж убачыў перад сабой ненавіднага яму старога, якому ён так многа зрабіў зла. Абодва яны, і Закрэўскі і Серж, збянтэжыліся. Серж густа пачырванеў і апусціў вочы ў падлогу, а ў Закрэўскага задрыжалі губы і пачырванелі вочы, але ён адразу ж справіўся з сабой і, каб не дапусціць да якіх бы там ні было непрыемнасцей, сказаў:

— Ну, от і добра, што мы пазнаёміліся.

— Ніколі з ім так не было, каб ён быў такі нясмелы, што спускаў вочы ў падлогу, — сказаў пра свайго сына Сержаў бацька. — Гэта, мусіць, ён пасля таго, што пачуў пра вас з майго расказа… Ну добра, Серж, ідзі гуляй з дзяўчаткамі.

— А мы тут сабе пасядзім і пагаворым, — сказаў Закрэўскі. — А ведаеш, хто да нас сёння прыязджае?..

І ён расказаў, каго яны чакаюць.

— Вельмі добра, — сказаў Сержаў бацька. — Я даўно яе не бачыў, будзе прыемнае і радаснае спатканне. Мы ж бачыліся яшчэ тады даўно, калі цяжка жылося. Як я рад, што мы ўсе будзем жыць у адным горадзе… Серж, гуляй з дзецьмі, чаго ж ты стаіш як акамянелы?

Але ў тым была і бяда, што Серж не мог з чыстай душой падысці да дзяўчатак і зірнуць ім смела, па‑таварыску, па‑сяброўску ў вочы. Але ўсё ж гэтая прыкрасць была нішто ў параўнанні з тым, што рабілася ў яго душы з таго моманту, калі ён убачыў, да каго ён з бацькам прыйшоў і каго ён так моцна скрыўдзіў. Стары чалавек здаваўся яму цяпер нейкім магутным веліканам, перад якім ён, з усімі сваімі ганарыстымі капрызамі, нічога не варт. Ён так сябе адчуваў, быццам лепш было б яму ў гэтыя мінуты праваліцца скрозь зямлю.

— Насцечка, — сказаў дзед, — я адзін пайду на вакзал, а вы тут усе сядзіце і чакайце. Тры мінуты ходу да вакзала і тры мінуты назад. А поезд вось павінен ужо прыйсці.

Закрэўскі адзеў паліто і шпарка выйшаў. Сержаў бацька астаўся адзін з дзецьмі. Насцечка захвалявалася, яна раз‑поразу заглядвала ў акно. Жартачкі! Зараз будзе тут яе мама, якой яна ўжо колькі часу не бачыла. Дзяўчаткі акружылі Насцечку і зашчабяталі, Серж пачаў шаптаць