Перайсці да зместу

Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А якое там і жыццё было табе, парабчуку?.. Цяпер толькі і жыць табе стала, калі прыйшла савецкая ўлада. Ты цяпер чалавекам будзеш.

Раптам мы пачулі, што фурманшчык плача.

— Нічога, братка, — пачаў цешыць яго Закрэўскі. — Яшчэ ж нас не страляюць, яшчэ ўсё можа быць. А яны цябе і чапаць не павінны, ты ж толькі фурманшчык.

Смелы тон слоў Закрэўскага і ўся яго вытрымка надалі фурманшчыку смеласць. Ён паспакайнеў і пачаў часта заглядваць у шчыліну ў дзвярах.

Так прайшло, можа, гадзіны дзве. Бандытаў не чуваць было. Фурманшчык зноў паглядзеў у шчыліну.

— Дзень блізка, — уздыхнуў фурманшчык, — на дварэ шарэй стала. — Тут ён павысіў голас: — Яны ідуць… Нейкая дзяўчына з імі…

Мы па чарзе паглядзелі ў шчыліну і ўбачылі, што перад бандытамі стаіць дзяўчына і нешта ціха гаворыць ім. Відна было, як яна кудысьці паказвае пальцам.

— Дзе, дзе ты бачыла? — моцна загаварыла некалькі бандытаў.

— За садам, пры гумне, — адказала дзяўчына.

— А колькі іх?

— Больш як пяцьдзесят.

І тут адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі: бандыты рвануліся з месца і адразу зніклі. Не паспелі мы адумацца, як пачулі, што на дзвярах грукаюць нечым цяжкім. Мы не ведалі, што гэта робіцца. Пасля дзяўчына прасунула нам пад дзвярыма ў шчыліну сякеру і сказала:

— Я не магу замка адбіць, разбівайце дзверы.

Фурманшчык хапіў сякеру і разоў пяць так грукнуў у дзверы, што замест іх толькі пашчэпаныя дошкі асталіся.

— Бяжыце за мной, — сказала дзяўчына.

Яна нас вывела на лясную дарогу.

— Хто ты такая? — запытаў у яе Закрэўскі.

— Я тут служу за парабчанку. Я не спала і заўважыла, як вас прывялі. Я падкралася да склепа і падслухала, што яны гавораць. Я ўсё зразумела і сказала гэтым бандытам, што за гумном каля паўсотні чырвонаармейцаў з’явілася. Я ўсё гэта выдумала, каб выратаваць вас.

Фурманшчык паглядзеў на дзяўчыну, і на яго твары ўвесь час трымалася радасная ўсмешка. Ён стаў, як дзі-