Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

горла. І зоры над маёй галавой здаваліся мне, як у тумане. Вельмі моцна пахла лісце на дрэвах, і ад гэтага мне было яшчэ цяжэй. Я гэты пах адчуваў, як нешта такое, што для мяне ўжо скора скончыцца назаўсёды. Больш як калі‑небудзь у сваім жыцці, я ў гэты момант адчуваў, якое шчасце жыць на свеце.

— Не зважай ні на што, будзь смелы, — сказаў мне Закрэўскі.

— На чорта мы гэтую фурманку за сабой цягнем, — сказаў адзін бандыт. — Здалёк чуваць, як колы ляскочуць.

— А дзе ж ты яе дзенеш? — адказаў другі. — На дарозе пакінеш? Днём убачаць і пачнуць здагадвацца.

Бандыты перад намі адкрыта ўсё гаварылі, — яны былі ўпэўнены ў сваёй сіле.

Як добра ўмеркла, бандыты павялі нас далей. Доўга вялі яны нас лясной дарогай і прывялі ў нейкі лясны хутар. Нас увялі ў склеп. Вусаты бандыт сказаў, павярнуўшыся да Закрэўскага:

— Мы вас усіх выпусцім, толькі напішы акты, што на гэтых хутарах хлеба няма і браць няма чаго. А пасля ты прывязеш мне ўезднага камісара.

— Ты яго тут забіць хочаш?

— А гэта ўжо мне ведаць, што я з ім зраблю.

— Ну, а калі замест камісара я прывяду сюды чырвонаармейцаў?

— А я пушчу пакуль што толькі цябе аднаго. А іх (ён паказаў на мяне і фурманшчыка), а іх тады, калі ты прывязеш камісара.

Закрэўскі моўчкі пачаў азірацца навакол: ніякай надзеі выбрацца адгэтуль не было.

— Пусці яго, — сказаў Закрэўскі, паказваючы на мяне. — Няхай ён прывядзе камісара.

— А я хачу, каб ты! — зароў бандыт.

— А я з табою і гаварыць не хачу, — адказаў Закрэўскі.

Бандыты выйшлі і замкнулі нас у склепе.

— Ты на мяне не крыўдуй, — сказаў мне Закрэўскі, — што я так пра цябе сказаў, што ты камісара прывядзеш. Я ведаю, што ты гэтага не зробіш. Але я хацеў, каб яны цябе пусцілі. Лепш жа мне, паджылому чалавеку, загінуць, як табе, маладому. Я пажыў ужо крыху на свеце, а ты, можна сказаць, яшчэ не спрабаваў жыцця.