Каб я крыльле лёгкай птушкі
Салавейкі мела,
Ў гай вясёлы, гай зялёны
Я-б не паляцела.
Каб я мела голас звонкі,
Голас салаўіны,
Я-б сьпеваці не ляцела
На дрэўцаў вяршыны.
Я-бы с песьняй паляцела
Ў горад той далёкі:
Там ёсць дом пануры, сумны,
Цёмны і высокі.
На вакне закратаваным
С песьняй-бы я села
І вастрожнікам нешчасным
Сваю песьню-б пела.
Я пеяла-б аб свабодзе,
Аб шчасьлівай долі
І забыліся-б пры песьні
Яны аб няволі.
Галасамі дзіўных чараў
Я-бы залівалась,
Лясоў нашых, ніў прывольле,
Ўспомніць ім старалась.
І пад песьню маю думкі
Іх-бы прасьвятлелі,
Твары радасным-бы сьмехам,
Шчасьцем заясьнелі.
І не цяжкая была-бы
Ім тады няволя,
Бо пад песьню яны-б сьнілі
Аб шчасьлівай долі.
|