Ляці, мая думка, ляці ты, галубка,
Ў далёкую даль —
У хмарку зьмяніся, стралою пусьціся
Між ветравых хваль.
Ў ягона ваконца праменьнямі сонца
Сьвятліста зірні:
Як час ён праводзіць, ці весела сходзяць
Ў жыцьці яго дні?
Здароўе як служыць, ці смуціцца — тужыць
Парою за мной?
А ясные вочы ці часам марочэ
Боль горкай сьлязой?
На ўсё угледайся, на ўсё прызірайся,
Усё зразумей…
Як будзе ён смутны, ты чарам магутным
Нуду ўсю разьвей.
Ў пасьцелі як ляжэ ды дум рой уражы
Гнаць стане ўсе сны:
Чарамі прадвесьня прапоўненай песьняй
Ты іх разгані.
І байкаю-казкай малёўны абразкі
Прад вочы стаўляй, —
Аб ясных дзён долі без жальбы, бяз боляў
На ліры іграй.
Як анёл бяз цела — дух ясны, дух белы —
За ім ты хадзі
І зоркай сьвятлістай, лучом прамяністым
Век цэлы цьвіці.
|