Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Заенчыў, заплакаў з званьніцы
Стары ўжо і трэснуўшы звон, —
Абвесьціўшы сьмерць чэлавека,
Маліцца сазваў усіх ён.

За белай сасновай труною
Грамадне суседзі ішлі;
Труну у магілу спусьцілі,
Сыпнулі па жменьцэ зямлі.

Тут сон, тут спакой яму вечны,
Тут будзе прытульна ён спаць,
Па працы, трудох і цярпеньнях
Да суднаго дня спачываць.

Спакою яго не нарушыць
Плач жонкі, галодных дзяцей;
Ня вырвецца гора енк цяжкі
С худых і збалелых грудзей.

Сьпі, бедны зямляча! Не раз ты
Праз цэлую ночку не спаў,
А зморэны, потам абліты,
Мазольна на хлеб працаваў!

Ніхто і нішто не стрывожэ, —
Тут будзеш як камень лежаць;
Над крыжам магілкі забытай
Зляціцца рой птушак сьпеваць.

Сьпі! Дай ты рукам атпачынку:
Дабра шмат зрабілі яны,
Хоць больш ты не маеш награды,
Кром гэтай сасновай труны.

Нядоўга ўсе мы там паляжэм
У гэтых магілах сырых;
Сьпі, бедны землячэ! нядоўга
Пасьпіш без суседзёў сваіх!…