Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ў гушчы збудзілась начніца,
Воўк у імшарах завыў.
І кроўю вочы наліў
Вылезла з дрэва куніца;
З млына над чорнай вадой
Піскучых кажаноў рой
Высыпаў — трэпле скрыдламі.
Да тонкай вольхі прынік,
Ўстаўшы са дна, вадзянік,
Ўпіўся ў русалку вачамі…
Ў вёсцы сабака завыў —
Ўчуў, што ў аўчарню забрыў
Воўк с сваей жонкай ваўчыцай…
. . . . . . .
А над ўсім вокал царыць,
Ўсё пастараўшысь прыкрыць,
Ночка — цямроты царыца!…