Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

О не кажы ты мне, што жыцьце надаела
І што на сьвеце жыць ня хочэш болей ты,
Бо ўжо ад мук жыцьця душа твая збалела,
А ў сьвеці столькі ёсьць гразі і цемнаты!

О не кажы, што ты ў жыцьці не маеш мэты
І што яе ніхто ў жыцьці сваім на меў;
Павінна мэтай быць усіх шырыць прасьвету,
Усіх, хто цьму жыцьця убачыць ўжо пасьпеў!

Нам сьветачамі быць! У цемнаце ніводнай
Небачна зорачкі?… Мы будзем распаляць!
Да працы час, браты! Ніхто ніхай ня сьмее
Магутную руку бязсільна апускаць.

Да працы час, браты! Мы туманы развеем:
Бо, як ў пялёнках, ў іх наш сумны край ляжыць;
Каханьнем маладым мы дух яго сагрэем,—
Нізіны кіне ён і выжэй узляціць.

Да працы, гэй, браты! Мы з верай маладою,
С сэрцамі поўнымі мар сьветлых і агню
Мы сьвята выпаўнім жаданьне ўсесьвятое,
Аж злосьць адвечная пакіне нас, зямлю.

Аж больш ня будзе ўжо тых Каінаў на сьвеце,
Што ў братняе крыві маглі руку мачаць…
Як братняго каханьня сонцэ нам засьвеце,
Тагды ўжо па трудах мы пойдзем атдыхаць.

Цяпер да працы! Нам з адвагай і надзеяй
Ў сэрцах людзкіх дабра насеньне засеваць!
Да працы ўсе браты! Ніхто нехай ня сьмее
Магутную руку бязсільна апускаць!