Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Вы мне, таварыш... таварыш...

- Кавалькевіч... - падказаў аграном.

- Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце.

Аграном асмялеў. Гаварыў аб недахопах у гаспадарцы Курганішча, даваў розныя парады.

У гэты-ж час хворы яго "вывучаў", прыглядаўся да рысаў твару Кавалькевіча, да гладка пастрыжанай галавы, да шэрых маладых вачэй, да яго рухаў, вопраткі.

"Дзе яго слабае месца?.."

Прыслухваўся да пераліваў голасу агранома, стараўся часамі не перабіваць яго гутаркі альбо раптоўна задаваў запытанні. Заўважыў, што як толькі аграном гаворыць пра гаспадарку, тады ў яго нейкая ўпэўненасць такога характару, як у школьніка, які паўтарае лекцыю. Да агульных жыццёвых спраў у яго быццам няма зацікаўленасці.

"Хлапчук, - падумаў хворы, - але... дзе яго слабае месца?"

На ўсе заўважаныя недахопы ў гаспадарцы хворы адказаў коратка?

- Я цяпер нядуж. Не было каму глядзець. Я ўжо больш года адчуваю сябе кепска.

- Так, так, - такаў аграном.

Калі Крушынскі пільна часам на яго пазіраў, заглядаў у глыбіню вачэй, у якіх таксама шукаў "слабага месца", той апускаў вочы.

"Хлапчук..."

Стэфка ў ролі гаспадыні падавала на стол. Жонка хворага была пры малацьбе. Ён прыглядаўся, якое ўражанне Стэфка робіць на дзецюка. Лавіў кожны позірк маладога агранома на Стэфку, выраз вачэй:

"Можа яго слабае месца - дзяўчаты?..."

Аграном сядзеў моўчкі, утаропіўшы вочы ў стол. Не ажывіўся і тады, калі выпіў пару чарак гарэлкі. Крушынскі прымусіў яго выпіць. Калі аграном пачаў адмаўляцца, тлумачачы, што аднаму нялоўка піць, хворы сам выпіў.

- Доктар не забараніў мне выпіць часам таго-сяго. Ад гэтага стан майго здароўя хоць не палепшае, але і не пагоршае.