Старонка:Belarusi.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ГОСЦІ

Ка мне у госці з прывітаннем шчырым
І з песнямі калгаснікі прышлі.
Сам старшыня прышоў і брыгадзіры,
Настаўніца, даяркі й пастухі.

А з падарункамі прышлі у госці
Зямлі абноўленай гаспадары:
Пірог пшанічны, кветкі, лёну горсці,
На стол паклалі й мёду пляйстары.

І селі мы з павагай дзіўнай нейкай
За стол, дзе быў пірог і лён і мёд…
За хатай заліваўся салавейка.
Гудзеў над хатай гулкі самалёт.

Такога гонару не меў ніколі,
Як я на гэтае зямлі жыву,
Каб так віталі мяне хлебам-соляй
І то не ў сне якім, а наяву.

Памалу гутарку мы распачалі,
А шмат аб чым пагутарыць было:
І пра сягонешнія ў сонцы далі,
І як даўней жыло-было сяло.