КУСТАВЫЯ ПЕСНІ
256. Тройца, тройца...
Тройца, тройца, святая багародзіца,
А ў нашым Чамярыне хораша паводзіцца,
А ў нашым Чамярыне хораша ходзяць,
А ў нашым Чамярыне хораша куста водзяць.
257. Да чэраз сяло Багданаўскае
Да чэраз сяло Багданаўскае
Шло войска ўсё ж дзявоцкае.
Да камяньчане не здзівіліся,
Што ў Багданаўцы парадзіліся.
Бог вам даў, багданавачкі,
Што ў вас кусты ўсе кляновыя,
А вяночкі ўсе ж пярловыя.
А ў нас кусты ўсе лазовыя,
А вяночкі ўсе ж беразовыя.
258. Павядзем куста пад гай зеляненькі
Павядзем куста пад гай зеляненькі,
Сустрэне нас да казак маладзенькі,
Стане нас да дарогу пытаці,
А мы, малады, не смелі адказаці.
Сказала б яму да пад гай зеляненькі,
Да шкада будзе, шчо казак маладзенькі.
Сказала б яму з мосту да ў воду,
Да жаль будзе, шчо казацкага роду.
Сказала б яму, шчо пад калінавы мосты,
Да жаль будзе, шчо да матанькі ў госці.
259. Выйдзі, выйдзі, слаўны пане, з пакою
Выйдзі, выйдзі, слаўны пане, з пакою,
І звялі, дзе кустові стаці пад вішэнкою.
Вячэраці даці піражкі ў масле,