Перайсці да зместу

Старонка:BNT.Viesnavyja piesni.djvu/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

190. Павядзем Юр’е да бору

Павядзем Юр’е да бору
Да пасадзім Юр’е на хвою.
Няхай наша Юр’е пасядзіць
Да болей свету паглядзіць.
Дзе наша Юр’е хадзіла,
Там наша жыта ўрадзіла,
А дзе наша Юр’е юравала,
Там наша жыта красавала.

191. Ой, да бору, Юр’я, да бору

Ой, да бору, Юр’я, да бору,
Ды пасадзім Юрка на хвою,
Ды дамо ж мы Юрку коўш канапель,
Ды й няхай ён лушчыць, як верабей,
Ды й няхай ён скача, як белка,
Ды й няхай ён плача, як дзеўка.

192. Ішлі дзяўке́ кучкаю

Ішлі дзяўке́ кучкаю,
Зустрэлі Юр’я ў [в]уліцы.
-Святое Юр’е, дзе ж ты бываў?
— Па межам хадзіў, жыта радзіў.
Чыё жыта добрае,
Судзі, божа, яму лепшае:
Па край зямлі карчыста,
Пасярэдзіне сцябліста,
Пад верх калосся каласіста.
У вадну косаньку сплялося,
У вадну сторанку зляглося.
З снапочка — жыта бочка,
З каласочка — жыта гарчык.
Дай жа, божа, абмалаціць,
Срэбра, злота палічыць,
Срэбра, злота каралю,
А здароўе гаспадару.