Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вясёлы вечэр! Усе нецярпліва чакалі Тараса і Паўлюка, асабліва Паўлюка. Такі ён быў слаўны хлопец! Ды й бачылі яго даўно — поўгода, дзякуй Богу, ўжо прайшло, як Паўлюка не было дома.

∗          ∗

— Міхась! Міхась! хадзі сюды!—падклікаў да сябе Пятрусь Міхася.

Два браты, самые меншые Тарасовы сыны, выбіралі цёмны куток і пачыналі вясьці гутарку.

— Ну, гдзе, ты думаеш, цяпер Каляды?—пытаўся Пятрусь.

— Гдзе ж?—атказаў ня думаючы Міхась:—ў Мінску. За гадзіну і к нам прыдуць.

— Ото дурэнь! ці-ж можна за гадзіну прыйсьці з Мінска.

— Дык яны на машыне прыедуць, — не здаваўся Міхась.

— Дурны ты! Каляды-ж не жывые. Дзень такі—Каляды, сьвята, — тлумачыў Пятрусь Міхасю.

Тут і гутарка на мінуту абрывалася.

— Зараз прыедзе тата з Паўлюком, — пачынаў Міхась, як-бы гаворачы сам с сабою, і яго круглые цёмные вочкі былі поўны ціхіх думак.

Усе ў хаці чакалі Паўлюка і аб ім толькі і думалі. Дзядзька Андрэй зрабіў яму пекную шафку для кніг і прыбіў яе каля сьцяны, гдзе спаў Паўлюк. Маці паклапацілася напхаць мягкі сяннік і прыгатаваць чыстую пасьцель. Старшы сын, Алесь, разстараўся другую стрэльбу, каб пайсьці с Паўлюком на зайцоў. А Пятрусь і Міхась вывучалі ўвесь буквар. бо Паўлюк дэкляраваў ім за гэта кніжок з малюнкамі.