Умацаванне і хуткай дзяржавы, расшырэнне яе граніц на захадзе сустрэлі гарачае адабрэнне сярод шырокіх мас беларускага і ўкраінскага народаў, узмацнілі імкненне апошніх да ўз'яднання з рускім народам. Маркс адзначаў, напрыклад, што Смаленск быў узят рускімі войскамі ў 1514 г. у выніку барацьбы народных мас за далучэнне да Масквы, якія «аддавалі перавагу сваім грэчаскім рэлігійным брэдням перад каталіцкімі»[1]. Наколькі моцнай была цяга простага народа да Масквы, паказвае і той факт, што ў час вайны Польшчы з Расіяй (1563) праваслаўнае насельніцтва Беларусі, паводле слоў вядомага езуіта Пасевіна, «публічна малілася аб дараванні масквіцянам перамогі над палякамі»[2].
Утварэнне Рускай цэнтралізаванай дзяржавы мела вялікае прагрэсіўнае значэнне ў гістарычным лёсе рускага, украінскага, беларускага і іншых народаў нашай краіны. «З самага пачатку свайго ўзнікнення яна з'явілася прыцягальным цэнтрам і апорай для брацкіх народаў»[3]. Іменна таму аб'яднальная палітыка рускіх цароў, якая адпавядала жыццёвым інтарэсам народаў Расіі, Украіны і Беларусі, сустрэла ўсеагульную падтрымку і адабрэнне з боку гэтых народаў і атрымала тэарэтычнае абгрунтаванне ў тагачаснай літаратуры.
Ідэя ўзросшай эканамічнай і палітычнай магутнасці Масквы атрымала сваё абгрунтаванне ў вядомай тэорыі «Масква трэці Рым», аўтарам якой быў старац пскоўскага Елеазарава манастыра Філафей. Было прадпрынята таксама стварэнне афіцыяльнай радаслоўнай маскоўскіх вялікіх князёў, аформленае ў спецыяльнае Сказанне аб князях уладзімірскіх, у якім даказвалася сваяцтва маскоўскіх князёў з рымскім кесарам Аўгустам. Гэтым самым абгрунтоўвалася гістарычная пераемнасць царскай улады маскоўскіх князёў, што давала ім права прэтэндаваць на ўсю спадчыну Кіева- на тыя рускія землі, якія знаходзіліся у складзе Польска-Літоўскай дзяржавы.
Вынікам узвышэння Масквы было адраджэнне агульнарускіх культурных традыцый, узросшая цікавасць да літаратурных помнікаў мінулага, практычныя клопаты ў