Гэтая апошняя акалічнасць і рабіла з яго чалавека, няздольнага да рашучага сутыкнення з сіламі старога свету. Будучы звязаным з купецкім асяроддзем, ён не мог перайсці на пункт гледжання прыгнечаных і выступае таму асцярожна і ўмерана, не ідучы далей крытыкі асобных «недахопаў» прывілеяваных слаёў сучаснага яму грамадства, якой ён надаваў рэлігійную форму. Пачуццё пратэсту да даных грамадскіх парадкаў спалучаецца ў яго з адсутнасцю веры ў магчымасць змяніць гэтыя парадкі да лепшага сваімі ўласнымі сіламі. Ён марыць толькі аб тым, каб змякчыць лёс эксплуатуемых, зрабіць іх жыццё больш зносным і цярпімым. Адсюль яго заклікі да пануючых класаў, з аднаго боку, і зварот к «простым людем рускаго языка», з другога боку; адсюль як пропаведзі ўмеранасці і стрыманасці, так і імкненне абгрунтаваць прынцып роўнасці ўсіх людзей перад законам. Але іменна такая ж і супярэчлівая прырода гандлёвых слаёу горада, якая ярка адбілася і на класавай пазіцыі Скарыны.
Беларускі вучоны быў ідэалагічным прадстаўніком купецтва (сярэдняй яго часткі) і некаторых іншых блізкіх да іх слаёў гараджан, патрабаванні якіх у агульных рысах адпавядалі інтарэсам працоўных мас Беларусі таго часу ў іх барацьбе супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту з боку літоўска-польскіх феадалаў і каталіцкай царквы.