Перайсці да зместу

Старонка:Aleksiutovic Mikalaj.Skaryna.Jaho dziejnasc i svietapohlad.djvu/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Іменна гэтым і можна растлумачыць той факт, што атрымаўшыя вялікае пашырэнне і прызнанне кнігі Скарыны былі варожа сустрэты прадстаўнікамі пануючых класаў і афіцыяльнымі ідэолагамі царквы. Аб гэтым, у прыватнасці, можна меркаваць па захаваўшыхся водзывах аб скарынінскіх выданнях двух кансерватыўных пісьменнікаў той эпохі: апальнага князя Андрэя Курбскага і уніяцкага архімандрыта, а пазней біскупа ― Анастасія Сялявы. Вось што пісаў аб «Скориных книгах» А. Курбскі ў сваім «Послании к старцу Васьяну»:

«Перевод Скорины Полотского», ― адзначаў гэты паслядоўны абаронца царкоўнаславянскай традыцыі, ― зроблен «с перепорченных книг». Далей ён знаходзіць у поглядах Скарыны адмаўленне некаторых рэлігійных дагматаў і папярэджвае веруючых, каб яны не верылі «растленному» перакладу Скарыны, які наўмысна псаваў «словеса свещенная» і як іншыя адступнікі ад хрысціянскай веры «не мало от язык верующих соблазнишася и близ разума жидовского во всем мудрствующе. Апостольских же и святых всех уставов и законоположений ни слышати хотят, но паче хулят и ругаются им з жиды вкупе яковы же ест от Лютора, у них же аз сам видел библии Люторов перевод, согласующ по всему Скориным библием». У заключэнне Курбскі рэкамендуе веруючым карыстацца старымі перакладамі бібліі або перакладамі Мксіма філосафа[1].

Другі водзыў аб Скарыне і яго кнігах зыходзіць, як ужо было сказана вышэй, ад уніяцкага архімандрыта Анастасія Сялявы, аўтара палямічнага сачынення «Antelenchus, to est odpіs na Elenchus» (Wіlno, 1622). У ім аўтар нападае на вучэнне Скарыны, С. Буднага, Л. Крышкоўскага, «маскоўскіх чарняцоў» (Ф. Касога, старца Арцемія і іншых рускіх вальнадумцаў, якія ўцяклі з Масквы ў Беларусь ад праследаванняў царкоўнікаў.—М. А.), якіх, паводле яго слоў, «сам чорт навучыў ерасі». Гэты заўзяты абаронца царкоўнай уніі 1596 г. са смуткам адзначае, што «Русь была атручана» рознымі ерэтычнымі вучэннямі з даўніх часоў. «Перад уніяй, — піша ён, — быў гусіцкі ерэтык Скарына, які нам на рускай мове друкаваў кнігі ў Празе. Прымалі іх з удзячнасцю перш за ўсё таму, што сам ён быў русінам з Полацка, як падпісваўся.

  1. Гл. Письма князя А. Курбского к разным лицам, стар. 43-45.