Старонка:Adplata 1946.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І нібы ў журботным настроі
Аб долі смуткуюць людской.

Схіліўшы над долам калені
І пасмы распушчаных кос,
Маўчаць у глухім задуменні
Старыя прысады бяроз...

Ох, ноч!.. невясёлую ночку
Праводзяць тут людзі ў бядзе.
А хто гэта плача ў лясочку?
А хто там у мроку брыдзе?

Многа душ людскіх блукае
Па дарозе ўдзень, уночы.
Сонца сушыць іх, дождж мочыць -
Доля іх, відаць, такая.

Што вядзе і хто іх гоніць?
Ды прычыны не згадаеш -
Песня ўсё старая тая-ж
Цісне людзям сэрца, скроні.

Хто па ўласнай ходзіць волі,
Думкі тоячы ліхія,
А другі ідзе з-пад кія,
Несучы пакуты, болі.

Дык няхай-жа тое гора
Ім развее вецер свежы,
А саміх нясе на межы,
Дзе іх болі сціхнуць скора.