Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

груп вёскі і гораду. З гэтых груп выходзіла белая частка паўстаньня. Удар па кішэні белых прымусіў іх хутчэй адыйсьці ад паўстаньня і пасьпяшацца стаць у варожыя да яго адносіны,

Быў выдадзены асобны загад, якім забаранялася насіць чамаркі, кунтушы, рэволюцыйна-патрыятычныя эмблемы, жалобную вопратку, нават бараду-гішпанку, якую называлі наполеонкай. Парушэньне загаду каралася штрафамі і арыштам. Асаблівая ўвага была зьвернута на барацьбу з жаночымі жалобнымі вопраткамі. Тыя ўрадоўцы, жонкі, сёстры і дочкі якіх былі заўважаны ў нашэньні жалобнай вопраткі, звальняліся з пасады. Жанчыны за нашэньне жалобы першы раз караліся штрафам у 25 рублёў, другі раз — у 50 рублёў і трэці раз арыштам і аддачай пад суд. Калі якая жанчына ня мела сродкаў заплаціць назначаны штраф, то прадавалася з малатка яе рухомая маёмасьць. На грунце гэтага загаду адбывалася шмат злоўжываньняў. Усякае цёмнае, нават шэрае адзеньне лічылася жалобным. Вопраткі часам проста зьдзіраліся з жанчын, і яны пускаліся па вуліцы напоўапранутымі. Часам у турме яны зьмяшчаліся разам з угалоўным элемэнтам, простытуткамі і г. д. Зразумела, усё гэта ўсім сваім цяжарам упала на незаможныя групы жыхарства.

Па ўсіх паветах, станах і валасьцёх Беларусі і Літвы былі дадаткова расстаўлены вайсковыя часьці, выкліканыя з цэнтральнай Расіі. Яны, маючы пэўныя пункты стаянак, тым ня менш павінны былі заўжды перасоўвацца з месца на месца ці па вызначанаму маршруту, ці адпаведна зьяўленьню ў тых ці іншых мясцовасьцях паўстанскіх аддзелаў ці паасобных паўстанцаў. На гэта быў выданы 26 мая 1863 г. абежнік[1] на імя вайсковых начальнікаў губэрань, зьмест якога быў наступны: „Находя одно средство к скорейшему водворению порядка в том, чтобы войска, которые назначены в распоряжение военных начальников уездов, не оставались безвыходно в городах, но беспрестанно производили движения по их району, ограждая жителей от насилий, производимых мятежниками, и водворяя везде спокойствие, я возлагаю это на особую попечительность как вашего превосходительства, так и на строгую обязанность военных начальников в уездах... Войска, состоящие в ведении военных уездных начальников, должны беспрестанно появляться в разных местах уездов, при чем подвижные колонны должны производить движение налегке без ранцев и частым появлением своим в разных местностях ободрять жнтелей". У нас ёсьць вялікае сумненьне адносна таго, што войскі „ограждали" і „ободряли“ жыхарства Беларусі і Літвы. Наадварот, ёсьць цэлы шэраг пэўных вестак аб тым, што яны вялікім цяжарам ляглі на жабрацкі бюджэт зьбяднелага селяніна. Яны бралі харчы найчасьцей ад сялянства. За харчы сялянству выдаваліся нічога ня вартыя квіт-

  1. Сборник распоряжений гр. Муравьева, ст. 61