Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кі, а часта справа абыходзілася і бяз усякіх квіткоў: ішло звычайнае драпежніцтва.

З абежніку відаць, што рэгулярным расійскім аддзелам прапануецца весьці тактыку, падобную да партызанскай тактыкі паўстанках аддзелаў. Гэта выклікалася неабходнасьцю і папярэдняю практыкай барацьбы з паўстанцамі. Таксама зусім на партызанскі манер былі пабудаваны спэцыяльна ўтвораныя жандарскія каманды. Жандарская каманда была адна на павет, складалася яна з 20—30 чалавек, заўжды перасоўвалася конна з месца на месца па тэрыторыі павету і найчасьцей несла выведчую службу. Жандарскія каманды знаходзіліся пад непасрэдным кіраўніцітвам вайсковых павятовых начальнікаў. Фактычна яны былі зусім безадказны і ўчынялі найбольш гвалтаў, надужыцьцяў і злокарыстаньняў. Бязумоўна, ад іх цярпелі не заможныя паны: цярпела ад іх дробная шляхта, дробная буржуазія і сялянства, якое ня мела сродкаў ад іх адкупіцца.

Самым моцным ударам па земляўласьніцкай шляхце, якая прымала ўдзел у паўстаньні, былі сэквэстар маёнткаў і контрыбуцыя. Маёнткі паноў, асабліва скомпромэтаваных удзелам у паўстаньні, адбіраліся ў скарб для раздачы і продажы рускім земляўласьнікам. Лічба сэквэстраваных маёнткаў была значная. У № 87 урадавай газэты „Kurjer Wilenski“ за 1863 год зьмешчаны сьпіс сэквэстраваных маёнткаў да сярэдзіны чэрвеня 1863 году. У сьпісу налічваецца 361 назва. У канцы чэрвеня, гэты лік ужо даходзіў да 396.[1] К канцу кіраўніцтва Мураўёва лік сэквэстраваных маёнткаў даходзіў да 1760.[2]

У канцы чэрвеня 1863 году ўсім вайсковым начальнікам Беларусі і Літвы быў разасланы для тэрміновага выкананьня загад аб тым, што на ўсе без выключэньня маёнткі земляўласьнікаў накладаецца 10%-ная контрыбуцыя. Яна павінна ісьці на аплату страт, якія наносяцца краю паўстаньнем. Контрыбуцыя павінна быць унесена ў скарб на працягу аднаго тыдня. У тых земляўласьнікаў, якія ня маюць грошы, каб заплаціць контрыбуцыю, вайсковыя начальнікі павінны прадаваць з малатка маёмасьць. Контрыбуцыя з маёнткаў паноў ня польскага паходжаньня была зьменшана да 5%. Потым яна была яшчэ паніжана для паноў нямецкага паходжаньня да 3%, а для паноў расійскага паходжаньня да 1½%. Мураўёў у сваім загадзе разглядаў контрыбуцыю не як кару, а як дабрахвотную дапамогу з боку земляўласьнікаў краю расійскаму ўраду, які творыць у краі парадак, патрэбны ў інтарэсах саміх земляўласьнікаў. Контрыбуцыя павінна была ўносіцца адзін раз, але ў сапраўднасьці справа стаяла іначай. Аўтар „Powiesci o Horozanie"[3] піша: „я знаю шмат такіх паноў, якія на працягу 1863 і 1864 году заплацілі сем дзесяціпроцантных контрыбуцый".

  1. Dwadziescia piec lat Rosyi w Polsce (1863-1888). Zarys historyczny. Lwow. 1892, ст. 44
  2. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 345
  3. Moskiewskie na Litwie rzady. 1863-1869. Przez autora „Powiesci o Horozanie". Krakow. 1869, ст. 135