Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гляду дэмократыі ня толькі ўсерасійскай, ня толькі ўсеславянскай, але і ўсеэўропейскай". Такім спосабам і Ленін лічыць, што наяўнасьць шляхты ў шэрагах паўстанцаў (што ён вызначае словам „шляхецкі") робіць рух не рэакцыйна-шляхецкім, а буржуазна-дэмократычным. Далей Ленін як раз і робіць папрокі „мешчаніну Драгаманаву", што ён не зразумеў „значэньня барацьбы гэтых паноў для ўсерасійскай дэмократыі".[1] У другім месцы сваіх твораў[2], супастаўляючы Польшчу эпохі 60-х гадоў з Польшчай пачатку 20-га стагодзьдзя, У. І. Ленін адносіць польскі рух 60-х гадоў да „эпохі апошніх буржуазных рэволюцыйных рухаў" на Захадзе.

На паўстаньне 1863 году, як на прогрэсыўную гістарычную зьяву, глядзелі ўсе сучасныя паўстаньню выдатныя эўропейскія і рускія рэволюцыянэры: Мадзіні, Гарыбальдзі, Буонароці, Герцэн, Бакунін, Чарнышэўскі і інш. Мы спынімся на поглядах рускіх рэволюцыянэраў таго часу.

Герцэн у сваім добра вядомым часопісу „Колокол", які ён пачаў выдаваць у 1857 годзе, вельмі цікавіцца, спачувае і дэтальна спыняецца на пытаньнях паўстаньня. Старонкі яго часопісу заўжды адкрыты для паўстанцаў. Герцэн пропагандуе ўстанаўленьне братэрскіх ўзаемаадносін паміж рэволюцыйнымі сіламі Польшчы, Украіны, Беларусі і Літвы. Апроч таго, Герцэн на старонках „Колокола" рашуча выказваецца за пільную неабходнасьць падняць самую шырокую агітацыю і пропаганду на карысьць паўстаньня ў Расіі. Яе рэволюцыйныя і опозыцыйныя сілы павінны злучыцца з сіламі польскага паўстаньня. Па яго думцы посьпехі паўстаньня маюць вялікае значэньне для Расіі: вызваленьне Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ёсьць палавіна вызваленьня ўсёй Расіі. Калі рэволюцыйная Варшава будзе вольнаю, дык гэты факт нанясе канчатковы сьмяротны ўдар рэакцыйнаму царскаму Пецярбургу, бо ў расійскага царызму тады ня будзе ніякай магчымасьці, ніякай моцы ісьці проці рэволюцыйнай пропаганды і рэволюцыйнага руху ў Расіі. У інтарэсах самой Расіі, як дзяржавы, у інтарэсах яе паступовых і рэволюцыйных сіл трэба падтрымліваць найшчыльнейшую сувязь з дэмократыяй паўстаньня 1863 году.

Герцэн лічыў патрэбным бязьлітасна змагацца з тымі, хто іначай адносіўся да паўстаньня 1863 году. Так ён зрабіў, напрыклад, у адносінах да былога дэкабрыста, а потым „лібэрала" Н. Тургенева, каторы пасьля таго, як распачалося падаўленьне паўстаньня 1863 г., зусім забыўся аб сваім лібэралізьме. Ён напісаў прыватны ліст на імя цара Аляксандра II. У сваім лісьце ён сьпяшаецца асудзіць і закляйміць разьбітых паўстанцаў, як здраднікаў у адносінах да расійскай айчыны і парушыцеляў вернападданьніцкай прысягі цару. У канцы ліста ён выказвае свае гарачыя і шчырыя пачуцьці да царскага трону. Гэтым

  1. Ibidem, ст. 132.
  2. Ibidem 1925 г. T.IV, ст. 225