Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І звычайна дабрадушны погляд загараўся злым аганьком.

— Ай, ай, Іванавіч! За што?

— А за тое, каб ён, жывадзёр, не стараўся! Ты бі, калі твая пасада такая сабачая, па форме, а ня зьверствуй над сваім-жа братам.

— Горш будзе, Іванавіч. Ён табе пасьля прыпомніць, калі зноў…

Ісайка далікатна не даканчваў і, уздыхаючы, дадаваў:

— Усё праз віно.

— То-та-ж праз віно, Ісайка. Ты вось з галавою чалавек, а не зразумееш, што матросу трэба пагуляць. Бяз віна, братка ты мой, зусім-бы служба апаскудзела… Ты гэта вазьмі ў толк, Ісайка.

— Адважны ты, Іванавіч… Нічога не баішся… Сто лінькоў?.. Ай, ай!.. І як ты толькі вытрымліваеш?

— Скура паабівалася. І не такую плепорцыю, дзякаваць богу, вытрымліваў! — не без самахвальства гаварыў Рабы. — Ня бойся, кланяцца перад імі, падлюгамі, ня буду, калі яны за бяспамяцтва з цябе скуру зьдзіраюць. Нагрубі, значыць, я цьвярозы, забі на сьмерць — гэта правільна, а з п’янага хіба можна што браць? Хіба гэта сумленна?

— Сумленьне людзі даўно забылі, Іванавіч, — задуменна гаварыў Ісайка.

— То-та-ж і ёсьць. Людзі забылі, і я, значыцца, п’янствую… Бі, зрабі ласку… Бі толькі з развагаю,