Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мэндэль Гданскі і Якуб Гданскі, — хвілінку пачакаўшы, важна прамовіў ёй, абарочваючыся да ўнука і як-бы намаўляючы яму гонар фаміліі і традыцыі.

— Ну, што-ж такое ён, гэты Мэндэль Гданскі? Ён яўрэй, ён нарадзіўся ў гэтым горадзе, ён жыве ў гэтым горадзе з працы рук сваіх, і ў гэтым горадзе знаходзяцца магілы яго бацькі, яго маткі, яго жонкі, яго дачкі. У гэтым горадзе і ён сам складзе косьці.

— Ну, што-ж такое ён, гэты Кубусь Гданскі? — ня спыняў гаворкі ён.

Ён адсунуў хлопчыка на сярэдзіну пакою і сьціскаў яго плечы выцягнутымі рукамі.

— Ну, ён вучань. Ён сядзіць у гімназіі, на лаўцы, побач з вучнямі, глядзіць у падручнік, піша, вучыцца. Ну, для чаго ён вучыцца? Ён вучыцца для таго, каб стаць разумным. Ну, а хіба ён, калі стане разумным, панясе куды-небудзь гэты розум. Ні ў якія чужыя краі не панясе ён гэты розум. У вадзе яго ня ўтопіць, у агні ня спаліць. Ён з гэтым розумам застанецца тут, у гэтай краіне, у гэтым горадзе. І ў гэтым горадзе будзе ўвесь розум, які быў тут раней, і ў гэтым горадзе будзе ўвесь розум, які будзе ў Кубуся. Можа, вы думаеце, што столькі розуму — гэта многа? Ну, вы ня будзеце гаварыць такое глупства. Ну, а калі Кубусь будзе разумны, дык ён будзе ведаць такое, чаго ні я, ні вы ня ведаеце. Ён, мабыць, і тое будзе