Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У ЗЯЛЁНЫМ САДОЧКУ

У зялёным садочку
Пад ігрушай ўдваёчку
Сядзіць хлопец з дзяўчынкай,
І мілуецца з ёю,
З ненаглядкай сваёю,
Та‘ гарыць, як лучына.

І цалуе-ж ён любай
Сваёй вочкі і губы.
Песьціць як не задуша.
Дружок з дружкай варкуе,
Салавей ім ўтуруе
Шуміць над імі йгруша.

Вось прыціхлі, прымлелі,
Дрож прабегла па целе,
Ўсхваляваліся грудзі.
І забыўся ён з ёю,
З ненаглядкай сваёю,
Што ёсьць сьвет, што ёсьць людзі.

1907 г.